BE RU EN

Колькі Беларусь яшчэ будзе «гайкі тачыць»?

  • 14.10.2019, 14:30

Камень, які цягне краіну на дно.

На нарадзе са спецыялістамі ІТ-сферы Лукашэнка прамовіў цікавую фразу, якая выдае рэальнае стаўленне беларускіх уладаў да развіцця інфармацыйных тэхналогій:

- Зямлю араць, гайкі тачыць, ствараць прадукты машынабудавання і іншае - гэта застанецца яшчэ надоўга, калі не назаўжды. Хоць «лічба» пранізвае ўсе галіны, і гэтыя ў тым ліку. Ад гэтага мы не сыходзім і сыходзіць не збіраемся.

Мяркуючы з гэтай фразы, кіраўнік краіны дагэтуль не ўсвядоміў, што савецкая мадэль эканомікі з вялікімі заводамі, калгасамі і станкамі, якія можна «памацаць рукамі», ужо даўно не працуе ў Беларусі. Нягледзячы на мільярдныя датацыі з бюджэту, піша «Салідарнасць».

Прамысловасць Беларусі, што засталася ў спадчыну з савецкіх часоў, запавольваецца ўжо шмат гадоў запар. І, як камень, цягне за сабой усю краіну.

Красамоўна паказвае гэтую сітуацыю нядаўняе выказванне аднаго з беларускіх ІТ-спецыялістаў.

Гендырэктар VP Capital Мікалай Маркоўнік падчас размовы з журналістамі адзначыў, што беларускі Парк высокіх тэхналогій толькі за першае паўгоддзе 2019-га прынёс краіне блізу мільярда даляраў валавога прыбытку.

- Яшчэ амаль 350 млн даляраў - гэта падатковы эфект ад дзейнасці ПВТ. Калі б яго не было, то ВУП Беларусі цяпер бы не рос, а падаў, - заўважыў ён.

Выходзіць, што беларускі IT-сектар цяпер нагадвае невялікі, але эфектыўны маторчык, які плыве супраць плыні і цягне за сабой цяжкую баржу, поўную металалому, грабляў і гаек. А капітан карабля наадрэз адмаўляецца выкідваць за борт лішні груз, прыгаворваючы: «Гэта застанецца яшчэ надоўга, калі не назаўжды». Праўда?

Апошнія навіны