BE RU EN

Пад Менскам выставілі на продаж шмат танных надзелаў для лецішчаў

  • 14.10.2019, 13:06

Але ёсць нюанс.

Сёлета быў добры попыт на лецішчы, асабліва бюджэтныя і ў прыгарадзе Менска. Як варыянт можна яшчэ разглядаць надзел у садаводчым таварыстве, каб будаваць дом сваёй мары. Надзелы, нагадаем, цяпер можна набыць ва ўладальніка або праз аўкцыён. Tut.by паглядзеў, што і за колькі будуць прадаваць на найбліжэйшым гандлі, які пройдзе ў пачатку лістапада.

На аўкцыён, які пройдзе 1 лістапада, выстаўленыя 24 надзелы ў садаводчых таварыствах, размешчаных у межах МКАД-2, паведамляецца на сайце Менскага абласнога цэнтра інвестыцый і прыватызацыі.

Так, у СТ «Белмонэф» каля вёскі Чаромха Менскага раёна, што за 30 кіламетраў ад сталіцы, прапанаваныя тры надзелы з пачатковым коштам 7–9 тысячаў рублёў. Таварыства было створанае ў 2010 годзе, надзелы размяркоўваліся ў асноўным паміж супрацоўнікамі шэрагу міністэрстваў і ўстановаў, аднак з часам сталі прымацца і іншыя грамадзяне. З камунікацый ёсць электрычнасць і водазабеспячэнне, вядзецца пракладка сетак каналізацыі. Паводле ўмоваў аўкцыёну, пакупніку надзелу ў СТ «Белмонэф» трэба будзе пакрыць таварыству затраты на забеспячэнне інжынернай інфраструктуры зямельных надзелаў памерам 16 тысячаў рублёў.

У садаводчым таварыстве «Надзея-Шчарбіна» прапаноўваюць два надзелы з пачатковым коштам 2,8–3,3 тысячы рублёў. З камунікацый тут ёсць толькі электразабеспячэнне. Пераможца аўкцыёну таксама павінен будзе пакрыць таварыству затраты на забеспячэнне інжынернай інфраструктуры зямельных надзелаў памерам пяць базавых велічыняў (127,5 рубля) і 104 даляры паводле курсу Нацбанка.

Самая вялікая прапанова паступіла ад садаводчага таварыства «Ручаёк» – 16 надзелаў з пачатковым коштам 3,7–5,4 тысячы рублёў. З камунікацый ёсць толькі электразабеспячэнне. Пераможца аўкцыёну павінен будзе аплаціць таварыству затраты на забеспячэнне інжынернай інфраструктуры зямельных надзелаў памерам 40 базавых велічыняў – 1020 рублёў.

Самая дарагая прапанова аўкцыёну – надзел у СТ «Палявы-2», якое размешчанае побач з Менскім морам. Стартавы кошт надзелу з усімі камунікацыямі – 29 тысячаў рублёў, плюс пакрыццё выдаткаў на забеспячэнне інжынернай інфраструктуры зямельных надзелаў – 18,3 тысячы рублёў, не ўключаючы выдаткі на газазабеспячэнне.

Аўкцыён адбудзецца 1 лістапада 2019 года а 10-й на адрасе: Менск, вул. Чкалава, 5. Прыём дакументаў да 28 кастрычніка ўключна.

Апошнія навіны