BE RU EN

Берасцейцы на плошчы абурыліся праз «справу» Марыі Галалюк

  • 14.10.2019, 10:40

Улады карыстаюцца падвойнымі стандартамі.

Днём 13 кастрычніка на плошчы Леніна ў Берасці зноў сабраліся праціўнікі завода АКБ.

Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі пастанову суда Берасцейскага раёна, які 10 кастрычніка разгледзеў матэрыялы адміністрацыйнай справы мужчыны, які напаў на праціўніцу акумулятарнага завода Марыю Галалюк. Суд прызнаў нападніка вінаватым і аштрафаваў яго на 12 базавых велічыняў (306 рублёў), паведамляе «Брэсцкая газета».

Падчас сустрэчы на плошчы актывісты выказалі абурэнне мяккім, на іхнюю думку, пакараннем. Яны мяркуюць, што суд «не быў бесстароннім». У ходзе разбору ў судзе не быў прагледжаны відэазапіс, зняты актывістам, дзе зафіксаваны момант нападу на Галалюк і яе збіццё. Актывісты адзначылі, што праціўнікаў завода штрафавалі за «менш значныя парушэнні на значна большыя сумы».

Таксама праціўнікі завода абмяркоўвалі ўдзел сваіх актывістаў у парламенцкіх выбарах. Нагадаем, жыхар Бярозы Аляксандр Кабанаў, чалец Аб'яднанай грамадзянскай партыі і блогер падаў дакументы ў выбаркам Берасцейска-Заходняй акругі № 1, берасцеец Раман Кісляк – Берасцейска-Цэнтральнай акругі № 2, жыхарка Берасцейскага раёна Алена Макарэвіч – Берасцейска-Усходняй акругі № 3, жыхар Кобрына Уладзімір Мароз – Берасцейска-Памежнай акругі № 4. Кісляк, Макарэвіч і Мароз вылучаюцца шляхам збору подпісаў, Кабанаў – ад АГП.

Традыцыйная сустрэча актывістаў скончылася шэсцем па цэнтральных вуліцах горада.

Апошнія навіны