Мітынгоўцы ў Эквадоры пагадзіліся на перамовы з урадам
- 13.10.2019, 19:14
Прэзідэнт Эквадора пагадзіўся перагледзець пастанову, якая справакавала хвалю пратэстаў.
Мітынгоўцы Эквадора ўпершыню з пачатку дэманстрацый пагадзіліся на перамовы з урадам. Пра гэта гаворыцца ў супольнай заяве Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і эквадорскай біскупскай канферэнцыі, апублікаванай у Twitter 13 кастрычніка, паведамляе gordonua.com.
З паведамлення вынікае, што першая сустрэча мітынгоўцаў і ўрада павінна адбыцца 13 кастрычніка а 15.00 паводле мясцовага часу.
Прэс-служба ААН паведамляла 11 кастрычніка, што ўлады Эквадора звярнуліся да арганізацыі з просьбай дапамагчы ў арганізацыі дыялогу з дэманстрантамі. Паводле інфармацыі ААН, за першыя дзевяць дзён дэманстрацый у Эквадоры загінулі прынамсі пяць мітынгоўцаў, сотні былі параненыя.
12 кастрычніка прэзідэнт Эквадора Ленін Марэна заявіў у Twitter аб неабходнасці пачаць перамовы і спыніць гвалт у краіне.
Як паведамляе Voz de América, Марэна пагадзіўся перагледзець пастанову аб скасаванні субсідый, якая справакавала хвалю пратэстаў, аднак не паабяцаў яе скасаваць.
Масавыя пратэсты ў Эквадоры ўспыхнулі 3 кастрычніка. Спачатку ў іх удзельнічалі толькі вознікі, пазней да іх далучыліся прадстаўнікі карэнных народаў. Незадаволенасць мітынгоўцаў выклікала праграма супрацоўніцтва Эквадора з Міжнародным валютным фондам, у рамках якой урад скасаваў дзяржсубсідыі на дызельнае паліва і бензін.
На фоне пратэстаў 8 кастрычніка Марэна абвясціў аб пераносе штаб-кватэры ўрада са сталіцы Кіта ў найбуйнейшы ў краіне горад Гуаякіль.