У Расеі сярэдні клас трапіў пад удар
- 12.10.2019, 17:36
Дабрабыт сярэдняга класа пагаршаецца, палярызацыя ўнутры яго ўзмацняецца.
Паводле апошніх незалежных даследаванняў, дабрабыт сярэдняга класа ў РФ пагаршаецца, а палярызацыя ўнутры яго ўзмацняецца, піша тэлеграм-канал «Запретное мнение».
Рэальныя даходы прадстаўнікоў сярэдняга класа скарачаюцца з 2014 года - у паловы з іх (50,6%) заробак з улікам яго рэальнай пакупніцкай здольнасці зніжаецца цягам апошніх пяці гадоў.
Доля, якая прыпадае на групы насельніцтва з сярэднім прыбыткам, скарацілася з 18,8% ад сукупных грашовых даходаў у 1990 годзе да 15,1% у 2018 годзе.
Расейскі сярэдні клас неаднастайны: вылучаецца яго ядро (7% насельніцтва), блізкая (11,2%) і далёкая перыферыя (19,5%) гэтага ядра ў залежнасці ад адпаведнасці 16 сацыяльна-эканамічным характарыстыкам. Сярод іх, напрыклад, грашовыя даходы, вышэйшыя за медыяну ў краіне, наяўнасць загараднага дома або значных зберажэнняў, уладанне уладным рэсурсам (падначаленыя на працы), выкарыстанне платных медыцынскіх паслуг у апошнія тры гады, самаідэнтыфікацыя з сярэднім класам і іншыя.
Усім характарыстыкам адпавядаюць толькі 10,3 мільёна грамадзян, то бок, 7%, менавіта яны фармуюць ядро сярэдняга класа ў Расеі.
Сярэдні клас, які ў сучасных сусветных рэаліях з'яўляецца галоўным паказчыкам узроўню дабрабыту і развіцця кожнай дзяржавы, у пуцінскай РФ з 2014 года прадаўжае імкліва бяднець і скарачацца.
Гэта чарговым разам ставіць тлусты крыж на казках прапагандыстаў пра тое, што «санкцыі нам толькі на карысць».