BE RU EN

Андрэй Войніч: Нават у «ведамасных» дамах вельмі шмат нашых прыхільнікаў

  • 12.10.2019, 19:16

Што апавёў месяц збору подпісаў пра настроі беларусаў?

7 кастрычніка скончыўся збор подпісаў за ўдзельнікаў парламенцкай кампаніі ад «Еўрапейскай Беларусі». Вынікі мінулага месяца для прэс-службы грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» падвёў актывіст і відэаблогер Андрэй Войніч:

– Збор подпісаў паказаў, што беларусы чакаюць пераменаў у краіне, многія з іх катэгарычна настроеныя і гатовыя самі актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці. Падчас збору подпісаў у кватэрах мы знаёміліся з людзьмі, шмат размаўлялі, нехта з нашых новых знаёмцаў прыходзіў потым на пікеты – паглядзець і нават нейкі час пастаяць з намі. Людзі абсалютна розных узростаў і нават сацыяльных групаў, гэта вельмі паказальна.

Ведаеце, у нас на абыходах было некалькі "ведамасных" дамоў, дзе жывуць вайскоўцы, міліцыянты і прадстаўнікі ўлады розных узроўняў і чыноў. Прыемна здзівіла тое, што сярод іх вельмі шмат нашых прыхільнікаў, яны актыўна пакідалі подпісы.

У нас ёсць шанцы на нармальную будучыню, і шанцы не малыя. Я разумею, што мы рэальна можам змяніць цяперашнюю ўладу і змяніць жыццё Беларусі ў лепшы бок, дзякуючы падтрымцы людзей, калі прапануем рэальны план змены ўлады.

– Наперадзе – месяц агітацыі. Якія ў вас планы ў выпадку рэгістрацыі?

– Планы простыя – працаваць. Незалежна ад таго, як пройдзе рэгістрацыя ў кандыдаты і самі выбары. Галоўнае не сядзець склаўшы рукі і не паддавацца аціхлай ужо тэндэнцыі прымання "асаблівага шляху" Лукашэнкі. На шчасце, на сёння шмат людзей хочуць і гатовыя дапамагаць у любой працы, таму што ў грамадстве ўжо ёсць разуменне таго, што цяперашні курс Беларусі толькі загоніць нас усіх у яшчэ больш глыбокую яму, ва ўсіх сэнсах.

На пікетах, напрыклад, людзі часцей за ўсё пасля подпісу зычылі поспеху, жартавалі пра Ярмошыну, што яна нам спатрэбіцца, дзякавалі за тое, што мы робім, і што самае, па-мойму, важнае – казалі пра тое, што мы натхняем іх, штурхаем да актыўнасці, да барацьбы за свае правы і за якаснае жыццё ў цэлым.

Хоць на маю думку, гэта такое ўзаемнае натхненне, таму што бачачы сённяшнія настроі людзей я разумею, што ў нас усё атрымаецца, што нас у рэчаіснасці шмат і што мы ўсе, уся Беларусь – гэта сур'ёзная сіла, здольная на многае.

Апошнія навіны