Яны нарадзіліся ў Беларусі, але праславіліся ў свеце
- 1.10.2019, 17:40
Іх прозвішчы трэба ведаць усім.
«Белсат» прадстаўляе самых знакамітых людзей, якія нарадзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Марк Шагал
Нарадзіўся 7 ліпеня 1887 года ў Віцебску. Расейскі, беларускі і французскі мастак. Адзін з самых вядомых прадстаўнікоў мастацкага авангарду XX стагоддзя.
Хаім Вейцман
Нарадзіўся 27 лістапада 1874 года ў Моталі (цяпер аграгарадок у Іванаўскім раёне Берасцейскай вобласці). Хімік, адзін з лідараў сіянісцкага руху, першы прэзідэнт Ізраіля.
Андрэй Грамыка
Нарадзіўся 5 ліпеня 1909 г. у вёсцы Старыя Грамыкі (Веткаўскі раён, Гомельская вобласць). Савецкі дзяржаўны дзеяч і дыпламат, старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР (1985-1988).
Ігнат Дамейка
Нарадзіўся 31 ліпеня 1802 г. у Вялікай Мядзвядцы (цяпер вёска ў Карэліцкім раёне Гарадзенскай вобласці). Удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў, беларускі, польскі і чылійскі навуковец-даследчык, геолаг, мінеролаг, рэктар чылійскага ўніверсітэта, Нацыянальны герой Чылі.
Тадэвуш Касцюшка
Нарадзіўся 4 лютага 1746 г. у маёнтку Мерачоўшчына (цяпер Івацэвіцкі раён Берасцейскай вобласці). Вайсковы інжынер і вайсковы дзеяч, які ўзначаліў паўстанне Рэчы Паспалітай супраць Расеі і Прусіі, а таксама ўдзельнік вайны за незалежнасць ЗША.
Ян Чэрскі
Нарадзіўся 15 траўня 1845 г. у маёнтку Свольна на Віцебшчыне. Беларускі і расейскі геолаг, палеантолаг і географ, даследчык Сібіры і ўдзельнік паўстання Кастуся Каліноўскага.
Павел Сухі
Нарадзіўся ў 1895 годзе ў Глыбокім Віцебскай вобласці. Авіяканструктар, адзін са стваральнікаў рэактыўнай і звышгукавой авіяцыі, распрацоўшчык канструкцый некалькіх дзясяткаў самалётаў.
Мікалай Судзілоўскі (Нікалас Русель)
Нарадзіўся ў 1850 годзе ў Магілёве ў збяднелай шляхецкай сям'і. З 1892 году жыў на Гаваях, дзе бараніў правы карэнных жыхароў. Этнограф, географ, хімік, біёлаг, лекар-генетык, рэвалюцыянер-народнік, першы прэзідэнт сената Гавайскіх выспаў.
Ведаеце знакамітую асобу, якая нарадзілася або звязаная з Беларуссю? Распавядайце ў каментарах.