BE RU EN

Што будзе, калі ў гарадах дазволяць ездзіць не больш за 50 км/г

  • 1.10.2019, 8:45

Меркаванне экспертаў.

Не выключана, што хутка ў населеных пунктах знізяць хуткасны рэжым да 50 км/г – гэта могуць прапісаць у абноўленых ПДР, якія цяпер дапрацоўваюцца. У ДАІ мяркуюць, што зніжэнне хуткаснага рэжыму станоўча адаб'ецца на дарожным становішчы. У першую чаргу гэта знізіць траўматызм пры ДТЗ з удзелам пешаходаў або раварыстаў. Партал tut.by даведаўся, што думаюць пра зніжэнне хуткасці ў гарадах аўтамабільныя эксперты. Іх меркаванні неадназначныя

«А можа, проста прыбраць некараныя +10 км/г?»

На думку кіраўніка Цэнтра контраварыйнай падрыхтоўкі Сяргея Аўчыннікава, гэтая прапанова выклікае больш пытанняў, чым адказаў.

– У праблемы ёсць відавочны бок – чым меншая хуткасць, тым меншая цяжкасць наступстваў пры ДТЗ. Але ёсць і іншыя нюансы, якія трэба браць да ўвагі. Ці павялічыцца, ці паменшыцца выдатак паліва, час дастаўкі тавараў, прапускная здольнасць вуліцаў? Ці зменіцца графік руху грамадскага транспарту? – разважае эксперт. – Хоць для мяне была б цікавейшая статыстыка пра тое, у якой колькасці ДТЗ у 2018 годзе ў населеных пунктах знізіўся б цяжар наступстваў, калі б хуткасць была абмежаваная да 50 км/г. Бо гэта тое, дзеля чаго ўносяцца змены.

Яшчэ адно пытанне, якое трэба браць да ўвагі, – як зніжэнне хуткасці на гарадскіх вуліцах адаб'ецца на экалогіі.

– Вядома, што ў месцах ўсталявання ляжачых «паліцыянтаў» вырастае канцэнтрацыя выхлапных газаў, – нагадвае Сяргей Аўчыннікаў. – З іншага боку, пасля зніжэння хуткасці можна і ад «паліцыянтаў» пазбавіцца.

Пры гэтым эксперт мяркуе, што на многіх вуліцах ад новаўвядзення хуткасць плыні не моцна зменіцца. Ды і ў ранішніх, і ў вячэрніх заторах усё роўна едуць павольна.

– Калі я быў у Парыжы, мяне гэтыя 50 км/г прыемна здзівілі. Ніхто не ляціць, а потым не «адтарможваецца» і не стаіць. Рух атрымліваецца больш плыўным і раўнамерным. І гэта добра як з гледзішча бяспекі, так і эканоміі паліва.

Не выключана, на думку Сяргея Аўчыннікава, што могуць спатрэбіцца нейкія часовыя рамкі. Напрыклад, у гадзіны вялікай нагрузкі вызначаць хуткасць 50 км/г, увечары, уначы – 60. Праўда, ёсць небяспека, што такая колькасць дарожных знакаў можа перагрузіць кіроўцаў.

– Для мяне асабіста ў гэтым зніжэнні хуткасці няма неабходнасці. Я выбіраю хуткасць, зыходзячы з сітуацыі, – недзе езджу 40, 30 або нават 20. А ўвечары, калі вуліцы пустыя, еду належныя 60. Вось няхай спецыялісты палічаць, і, быць можа, апынецца, што дастаткова памяняць Адміністрацыйны кодэкс і прыбраць гэтыя некараныя +10 км/г? І ўвогуле ўзяцца за кантроль за выкананнем ПДР. А то можа атрымацца, як з «дарожным» падаткам.

«Без масавага кантролю нічога не атрымаецца»

У тым, што прапанаванае змяненне не будзе працаваць, а значыць, не дасць і жаданага эфекту, упэўнены і незалежны аўтаэксперт, юрыст Аляксандр Канапліцкі.

– Што, усе папраўдзе і адказна ездзяць цяпер 60? Канечне не. Калі дарога вольная – яна так і правакуе націснуць на газ. Каб усе ездзілі паводле правілаў, патрэбен іншы ўзровень самасвядомасці. Гэтая розніца паміж 50 і 60 км/г будзе мець значэнне, калі ўсе сумленна пачнуць выконваць хуткасны рэжым.

На думку эксперта, для прымання пастановы пра зніжэнне хуткасці, патрэбная і статыстыка ў аварыйнасці.

– Кажуць – пры хуткасці 50 км/г умоўна на 30% менш здарэнняў. Ёсць статыстыка або даследаванне хоць бы пра адну вуліцу: вось тут пры хуткасці «60» адбывалася 20 аварый, зрабілі «50» – стала 15? – задаецца пытаннем Аляксандр Канапліцкі і прыводзіць прыклад з так званым «дзяжурным» 87-м пунктам ПДР: у ім не паказаная канкрэтная хуткасць, але ў выпадку ДТЗ перавышэнне хуткасці можна прыпісаць любому кіроўцу. Ехаў 40, здзейсніў наезд – трэба было ехаць 30. Ехаў 30? Шмат – трэба было 20. У выніку фармулёўка – не абраў бяспечную хуткасць, адпаведную дарожным умовам і іншаму.

Пункт 87 ПДР: Пры выбары хуткасці руху кіроўца павінен браць да ўвагі абмежаванні хуткасці, вызначаныя пунктамі 88, 89 гэтых Правілаў і тэхнічнымі сродкамі арганізацыі дарожнага руху, а таксама інтэнсіўнасць руху, агляднасць дарогі, асаблівасці і стан транспартнага сродку і перавезенага ім грузу, дарожныя, метэаралагічныя ўмовы і іншыя чыннікі, якія зніжаюць празрыстасць атмасферы і ўплываюць на бачнасць дарогі ў напрамку руху.

У тым ліку таму, як мяркуе эксперт, адной з самых частых прычынаў аварый па-ранейшаму застанецца перавышэнне хуткасці. І зніжэнне хуткаснага рэжыму на сітуацыю не паўплывае.

«У маштабах Менска – гэта 3 чалавекі за год, якія застануцца жывыя»

А вось Юры Важнік, старшыня ўправы Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвеераў на транспарце, упэўнены, што плюсаў у прапановы знізіць хуткасць у гарадах да 50 км/г шмат, і ў выніку гэта станоўча адаб'ецца на бяспецы.

– Такая практыка распаўсюджаная ва ўсёй Еўропе за выключэннем дзвюх краінаў – Беларусі і Расеі. І замежны досвед паказвае вельмі добрыя вынікі. З гледзішча бяспекі гэта будзе адназначная выгода. На дзясятак адсоткаў паменшыцца смяротнасць, а ў маштабах Менска гэта тры чалавекі за год, якія застануцца жывыя.

Пры гэтым, на думку Юрыя Важніка, баяцца, што мы ўсе станем перасоўвацца значна больш павольна, не варта.

– Сярэдняя хуткасць руху ў Менску – блізу 30 км/г, і яна практычна не зменіцца. Таму што хуткасць руху абмяжоўваюць «бутэлькавыя горлы» – вуліцы або адрэзкі дарог з малой прапускной здольнасцю, – падкрэслівае эксперт.

Да таго ж, як кажа Юрый Важнік, неабавязкова ўсюды рабіць абмежаванне 50 км/г.

– На магістральных вуліцах хуткасны рэжым можа быць павялічаны да 70 км/г, дзесьці ў жылых тэрыторыях – 30 км/г, паводле змоўчання – 50 км/ч. Узнікае магчымасць выкарыстоўваць сістэму абмежавання хуткасці, як у некаторых еўрапейскіх краінах – 30, 50, 70, 90 і 110 км/г. Разам з гэтым неабходна вельмі акуратнае ўжыванне сістэмы кантролю хуткасці. Цяперашняя сістэма фотафіксацыі не вельмі эфектыўная. Яна арыентаваная больш на пакаранне парушальнікаў, чым гарантаванне бяспекі.

Апошнія навіны