BE RU EN

Кітайскі касмічны апарат паспяхова сеў на адваротным баку Месяца

  • 3.01.2019, 10:37

Малавывучаная частка нашага спадарожніка будзе даследаваная больш поўна.

Касмічны апарат «Чан'э-4» здзейсніў паспяховую пасадку на адваротным баку Месяца. Пра гэта паведаміла Цэнтральная тэлевізія Кітая, піша ТАСС.

«Сёння раніцай а 10.26 паводле мясцовага часу (05.26 у Менску) «Чан'э-4» паспяхова сеў на адваротны бок Месяца», - гаворыцца ў паведамленні.

Як паведамляе тэлевізія, каардынаты месца пасадкі апарата - 177,6 градуса ўсходняй даўгаты, 45,5 градуса паўднёвай шыраты, што дастаткова блізка да папярэдне запланаванага месца. «Чан'э-4» зрабіў першую ў гісторыю мяккую пасадку на адваротным баку Месяца, - гаворыцца ў рэпартажы. - Гэта дазволіла ўсталяваць сувязь паміж Зямлёй і яе натуральным спадарожнікам, а таксама адкрыць новую старонку ў даследаванні Месяца».

Месяцовы апарат «Чан'э-4» быў паспяхова запушчаны з касмадрома Січан ў паўднёва-заходняй кітайскай правінцыі Сычуань 8 снежня. Асноўная задача праекта «Чан'э-4», які складаецца з аўтаматычнага пасадкавага модуля і месяцахода, у даследаванні малавывучанага адваротнага боку натуральнага спадарожніка Зямлі.

Сувязь апарата з Зямлёй ідзе з дапамогай спадарожніка-рэтранслятара «Цюэцяо» - першага ў гісторыі касмічнага апарата, які прыступіў да працы на гала-арбіце ў месцы Лагранжа L2 на адваротным баку Месяца. У гэтай лакацыі спадарожнік здольны доўгі час захоўваць устойлівую пазіцыю адносна Сонца і нашай планеты.

Апошнія навіны