BE RU EN

Колькі грошай трэба чыноўніку для шчасця?

  • 23.01.2019, 10:25

Дзяржапарат умее знайсці спосабы, каб яго кавалак пірага быў большы, чым у астатніх.

Лукашэнка агучыў тэзіс аб даходах чыноўнікаў: «Матэрыяльнае становішча дзяржаўных службоўцаў павінна расці або падаць у адпаведнасці з ростам або падзеннем жыццёвага ўзроўню нашага насельніцтва».

У рамках праекта «Дуэль» на сайце «Салідарнасць» два аўтары разбіраюць гэтую праблему з розных пазіцый.

Сяргей Сініца: «Дзяржапарат умее знайсці спосабы, каб яго кавалак пірага быў большы, чым у астатніх»

Здавалася б, пра што тут спрачацца? Ідэя ў духу сацыяльнай справядлівасці, якую часта ўзгадваюць, але якая рэдка сустракаецца ў жывой прыродзе. Дакладна такі ж лёс чакае і гэты пасаж Лукашэнкі.

З аднаго боку, стан эканомікі ў краіне натуральным чынам адбіваецца амаль на ўсіх пластах і праслойках. Дэвальвацыі білі і па чыноўніках, і па сантэхніках.

З іншага, як ні круці, а дзяржапарат умее знайсці спосабы, каб яго кавалак пірага быў большым, чым у астатніх. Віктар Малішэўскі ілюструе гэтую тэму наступнымі лічбамі:

Заробак чыноўніка з лістапада 2015 года вырас на 61%

Настаўніка - на 43,7%

Лекара - на 41,9%

Будаўніка - на 38,7%

Пенсія - на 43,2%.

Таму размовы пра тое, каб матэрыяльнае становішча чыноўнікаў вагалася разам з узроўнем жыцця насельніцтва, носяць асабліва папулісцкі характар. Максімум на што яны здольныя - сагрэць душу наіўным прадстаўнікам малазабяспечаных слаёў насельніцтва.

У тэорыі можна было б прапанаваць іншы падыход - устанавіць эканамічныя індыкатары, ад выканання якіх залежыць частка даходу чыноўнікаў. Але зноў жа, ведаючы, як нашы дзяржаўныя службоўцы ўмеюць забяспечваць патрэбныя лічбы - лепш не трэба. Даражэй усім нам выйдзе.

Калі мы хочам дамагчыся змены якасці дзяржаўнага кіравання, то, найперш, трэба не з заробкамі чыноўнікаў практыкавацца (хоць гэты чыннік, безумоўна, мае значэнне), а зрабіць пасады кіраўнікоў дзяржорганаў рэальна выбарнымі. Калі кіраўнік раёна, горада ці краіны будзе на практыцы залежаць ад меркавання выбарцаў аб ягонай працы, гэта прымусіць варушыцца значна больш эфектыўна, чым у цяперашняй сістэме, калі трэба, перш за ўсё, дагадзіць аднаму чалавеку.

Марына Святлова: «Адсюль і якасць дзяржаўнага кіравання - роўна на тую суму, якую мы ім плацім»

Выкажу, мабыць, крыху непапулярную думку і ўступлюся за чыноўнікаў. «Непапулярную», бо сёння толькі лянівы не кінуў камень у іх гарод: маўляў, давялі краіну, а ім яшчэ і «пернікі» падавай.

Калі гаворка заходзіць пра чыноўнікаў, ва ўяўленні найперш усплывае які-небудзь дэпутат «палаткі», старшыні розных выканкамаў або чальцоў модных сёння «дармаедскіх» камісій. Натуральна, тут жа на іх адрас ляцяць поўныя гневу абвінавачванні: «хабарнікі», «злодзеі», «ярмо на шыі ў народа», «лайдакі» ды іншае. Гэта яны ў свядомасці абывацеля раскралі краіну, набудавалі шыкоўных камяніц дзе-небудзь у Драздах і прымаюць самыя адыёзныя законы.

Трэба сказаць, народ ніколі не любіў чыноўнікаў. Калі ўжо шукаць вінаватага ва ўсіх бедах і няшчасцях, то нейкі абстрактны чыноўнік для гэтага падыходзіць як мага лепей. Расце карупцыя - чыноўнік-хабарнік узяў на лапу, падае дабрабыт - чыноўнік-злодзей прысвоіў народнае, Лукашэнка ва ўладзе - чыноўнік-фальсіфікатар падрабіў усе бюлетэні.

Толькі не ўсё так проста. Па-першае, трэба разумець, што чыноўнікі - гэта не толькі дэпутаты і міністры з тымі самымі дарагімі камяніцамі і заробкамі на тысячы даляраў. Гэта яшчэ і самыя звычайныя клеркі ў выканкамах, спецыялісты розных аддзелаў, чый заробак у найлепшым выпадку складае 300-400 даляраў.

Дарэчы, сярэдні заробак чыноўніка не значна большы за вядомыя «па пяцьсот» (калі дакладней, то 1 300 рублёў на пачатак 2018 года). Гэта значыць, калі разабраць тыя самыя славутыя галубцы на мяса і капусту, выключыўшы са спісу нешматлікіх насельнікаў Драздоў, то цалкам можа выявіцца, што большая частка чыноўнікаў зарабляе значна больш сціплыя грошы, чым сапраўды такія ж спецыялісты ў камерцыйных кампаніях. Шчыра скажам, не такі ўжо і салодкі пірог атрымліваецца.

Як вы думаеце, ці шмат ёсць высокага ўзроўню прафесіяналаў, якія жадаюць папрацаваць за шэлегі на родную дзяржаву? Адсюль і якасць таго самага кіравання - роўна на суму, якую ім плацяць. Задумайцеся пра гэта, калі наступным разам будзеце заклікаць пакінуць чыноўнікаў увогуле без заробку.

Нездарма ж для дзяржаўных службоўцаў ва ўсіх краінах прадугледжана розная колькасць бонусаў і даплат: падвышаны заробак, дадатковы сацыяльны пакет. Гэта як раз спосаб падвышэння іх адказнасці і прадухіленне карупцыйнага складніка.

Дарэчы, пра карупцыю, у якой так любяць папракнуць нашых чыноўнікаў. Давайце шчыра: яе стае абсалютна ў кожнай сферы. І апошнія карупцыйныя судовыя працэсы таму пацвярджэнне. Проста магчымасці і маштабы ва ўсіх розныя. Пагадзіцеся, у чалавека, які падпісвае кантракты на мільёны-мільярды, спакусы больш, чым у кіроўцы аўтобуса, які злівае салярку.

У кожнай сферы ёсць людзі сумленныя і не вельмі, разумныя і беспрасветна дурныя, падхалімы і праўдалюбы. І трэба разумець, што чыноўнік - гэта не нейкі закінуты з космасу марсіянін. Гэта толькі люстэрка нашага грамадства. Плоць ад плоці беларуса з такімі ж уменнямі, навыкамі і чалавечымі якасцямі. Ніякага спецыяльнага адбору на дзяржаўную службу паводле маральна-этычных прыкметах не адбываецца: ніхто не адбірае туды самых прагных, дурных, злодзеяў, і беспрынцыповых.

Таму няправільна вінаваціць чыноўнікаў ва ўсіх нашых бедах, спрабуючы супрацьпастаўляць ім народ. Мы ўсе - адзін народ. І калі разглядаць кагосьці ў чымсьці вінаватым, то толькі нас саміх.

Апошнія навіны