У Давосе стартаваў Сусветны эканамічны форум
- 22.01.2019, 16:26
Форум сёлета праводзіцца пад дэвізам «Глабалізацыя 4.0».
У швэйцарскім Давосе ў аўторак, 22 студзеня ў абстаноўцы узмоцненых захадаў бяспекі адкрыўся 49-ы штогадовы Сусветны эканамічны форум. Цягам чатырох дзён больш за тры тысячы высокапастаўленых прадстаўнікоў палітыкі, эканомікі і грамадства будуць абмяркоўваць магчымыя развязанні для такіх міжнародных праблем, як гандлёвыя войны, кібератакі і кліматычныя змены, паведамляе «Нямецкая хваля».
Сёлета форум праводзіцца пад дэвізам «Глабалізацыя 4.0: У пошуках глабальнай архітэктуры ў стагоддзе чацвёртай прамысловай рэвалюцыі». Кіраўніца экалагічнай арганізацыі Greenpeace Джэніфер Морган выказала меркаванне, што акцэнт абраны няправільна, трэба было надаць больш увагі праблемам клімату.
Памылковыя акцэнты
«Кожны год форум у Давосе прысвечаны пэўнай тэме, і сёлета такой тэмай павінен быў стаць клімат. Уся абраная канцэпцыя несумяшчальная з рэальнасцю кліматычных зменаў. Нельга казаць аб глабалізацыі або прамысловай рэвалюцыі 4.0 без устаноўкі і разумення кліматычных змяненняў як рамачных умоў», - заявіла Морган у інтэрв'ю агенцтву dpa.
Цяперашні форум у Давосе праводзіцца ў адсутнасць прэзідэнтаў ЗША і Францыі Дональда Трампа і Эмануэля Макрона, а таксама прэм'ер-міністра Вялікай Брытаніі Тэрэзы Мэй. Канцлерка ФРГ Ангела Мэркель (Angela Merkel) прыбывае 23 студзеня.
З першай важнай прамовай на форуме выступіць прапапулісцкі прэзідэнт Бразіліі Жаір Балсанару. У першы дзень форуму таксама адбудуцца перамовы аб экалогіі паміж брытанскім прынцам Уільямам і аўтарам знакамітых дакументальных серыялаў пра прыроду Дэвідам Атэнбора.