BE RU EN

За чый кошт улады рассылаюць SMS «дармаедам»

  • 22.01.2019, 14:21

Чыноўнікі ўзялі на ўзбраенне новы метад інфармавання «дармаедаў».

Камісія каардынацыі дзейнасці ў спрыянні занятасці насельніцтва пры адміністрацыі Маскоўскага раёна Берасця разаслала блізу дзвюх тысяч SMS «незанятым у эканоміцы» грамадзянам, паведамляе «Радыё Свабода».

У іх паведамляецца, што атрымальнік SMS «залічаны ў лік працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы». Таксама ў ім рэкамендуецца звярнуцца ў камісію. Хоць пазначаны памылковы адрас сайту Берасцейскага гарвыканкама, а тэлефон амаль увесь час заняты.

Дэкрэт «Аб спрыянні занятасці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 года, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб'ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 года.

Чалей камісіі, намеснік кіраўніка адміністрацыі Вячаслаў Мятліцкі распавёў журналістам, што «не занятым у эканоміцы» ўжо разаслалі блізу дзвюх тысяч SMS. Але за чый кошт?

«Гэта ўжо нашы ўнутраныя пытанні, за чый кошт пасылаюцца. Я распаўсюджваць такую інфармацыю не буду. Людзі за іх не плацяць. Для чаго гэта робіцца? Каб чалавек мог пацвердзіць сваю занятасць», - сказаў Вячаслаў Мятліцкі.

Атрымальнік SMS павінен звярнуцца ў камісію і падаць патрэбныя дакументы, каб яго выключылі з «дармаедскай» базы.

Са слоў Вячаслава Мятліцкага, камісія Маскоўскай адміністрацыі Берасця «адна з першых, хто пачаў выкарыстоўваць SMS».

Колькі агулам грамадзян камісія выключыла з базы і колькі ў ёй засталося, абяцаюць расказаць у канцы студзеня.

Апошнія навіны