BE RU EN

Уладзімір Шыла: Змагацца цяжка, але галоўнае - не здавацца

  • 22.01.2019, 11:16

Лукашэнка не дапускае нармальных палітычных працэсаў у краіне.

Пра гэта прэс-службе БНК заявіў грамадскі актывіст з Салігорску Уладзімір Шыла:

- Я расчараваны, што няма адзінага кандыдата, але гатовы працаваць на Мікалая Статкевіча, бо вельмі паважаю гэтага чалавека. Калі падыходзіць крытычна да ацэнкі магчымасцяў апазіцыі, то можна сказаць пра тое, што сіл у яе няшмат. Трэба ўлічваць варункі, у якіх мы дзейнічаем. Іх можна назваць не тое, што неспрыяльнымі, а варожымі. Паглядзіце ў акно - там нават трава не расце, бо зіма. Тое самае можна сказаць пра Беларусь. Лукашэнка не дапускае нармальных палітычных працэсаў, разумеючы, што ўстане сонца, сагрэе зямлю, і ўсе вакол заквітнее, зарунее.

Напраўду, дзіўна, што, нягледзячы на гэта, знаходзяцца людзі, якія выступаюць супраць дыктатара, якія не даюць памерці надзеі. Я не магу адказаць на пытанне, як перамагчы. Рэжым не ўсемагутны, яго магчымасці не бязмежныя, ён вымушаны ісці на саступкі. Напрыклад, два гады таму ў нас у Салігорску арыштоўвалі бабуль, якія нелегальна гандлявалі на вуліцах. Ім даводзілася ўцякаць ад міліцыі. Сёння гэтыя бабулі захапілі ўвесь горад, і ўлады не могуць нічога з гэтым зрабіць, бо не могуць забяспечыць прыстойную пенсію, не могуць забяспечыць нармальнымі лекамі.

Змагацца цяжка, але галоўнае - не здавацца. Надыдзе час, і людзі будуць з гонарам успамінаць пра гэта. Гэта - дэманстрацыя чалавечай годнасці, - заявіў Уладзімір Шыла.

Апошнія навіны