BE RU EN

У Менску на Свіслачы заўважылі рэдкую марскую качку

  • 21.01.2019, 21:46

Птушка занесеная ў Міжнародны чырвоны спіс.

Птушка аблюбавала незамерзлы ўчастак Свіслачы паміж дамбай Камсамольскага возера і Палацам спорту. Яна ніяк не рэагуе на людзей, нырае на дно па малюскаў і адваёўвае сабе жыццёвую прастору ў сталічных крыжанак, піша kp.by.

Рэдкую качку-маранку ў цэнтры Менска заўважыла кандыдатка біялагічных навук, загадчыца лабараторыі арніталогіі навукова-практычнага цэнтра біярэсурсаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ірына Самусенка. Навукоўцы вызначылі, што гэта малады самец.

РЭДКУЮ ПТУШКУ МОЖНА ЗНАЙСЦІ НА СВІСЛАЧЫ ЗА ПАЛАЦАМ СПОРТУ.
ФОТА: АЛЯКСАНДР ВІНЧЭЎСКІ

- Мы разам з аспірантам у рамках навуковых прац праводзім назіранні за чайкавымі птушкамі на вадаёмах Менска. Падчас іх я і заўважыла маранку. У адрозненне ад крыжанак, якія штогод зімуюць у Менску, гэта нырковая качка, і яна нават больш нырае, чым плавае, бо здабывае сабе водных жучкоў, малюскаў, іншых беспазваночных на дне, пад вадой, - дзеліцца назіраннем Ірына Самусенка.

Качкі-маранкі жывуць у тундры, на моры. Убачыць іх на кантыненце - вялікая рэдкасць. Хоць у Менск маранкі заляталі і раней. Апошні раз птушку гэтага віду тут бачылі ў студзені 2016 года.

- Маранка занесеная ў Міжнародны чырвоны спіс як уразлівы від, колькасць гэтых птушак імкліва скарачаецца, - адзначаюць арнітолагі прыродаахоўчай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

МАРАНКА СУСЕДНІЧАЕ З МЯСЦОВЫМІ КРЫЖАНКАМІ.
ФОТА: АЛЯКСАНДР ВІНЧЭЎСКІ

Апошнія навіны