Экспэрты: Ужыванне цэлага збожжа падаўжае жыццё
- 2.01.2019, 15:27
Да такой высновы прыйшлі спецыялісты Школы грамадскага здароўя пры Гарвардскім універсітэце.
Спецыялісты Школы грамадскага здароўя пры Гарвардскім універсітэце атрымалі доказы таго, што ўжыванне цэлага збожжа ў выглядзе зерневага хлеба і круп спрыяе падаўжэнню жыцця, піша healthinfo.uа.
Навукоўцы заявілі, што кожная новая порцыя цэлага зерня зніжае імавернасць заўчаснай смерці агулам на 7%. Канкрэтна ўжыванне цэлага збожжа на 9% памяншае рызыку смерці ад хвароб сэрца, на 5% - ад анкалагічных захворванняў. Высновы пра карысць збожжавых прадуктаў у справе падаўжэння жыцця былі зробленыя пасля таго, як спецыялісты прааналізавалі вынікі 14 даследаванняў, у якіх разглядалася сувязь паміж харчаваннем і рызыкай заўчаснай смерці.
Навуковыя экспэрты прыйшлі да высновы аб тым, што эфект падаўжэння жыцця звязаны з ужываннем мінімум трох порцый збожжавых прадуктаў па 16 грамаў. Імавернасць смерці ад сэрцава-судзiнных захворванняў пры такой норме зніжаецца на 25%, імавернасць смерці ад раку - на 14%.
«У людзей, якія цягам дня з'ядалі прынамсі тры порцыі збожжавага хлеба, рызыка заўчаснай смерці была на 20% ніжэйшай, чым у тых, хто штодня ўжываў меней за адну порцыю», - канстатавалі спецыялісты.