BE RU EN

Нямеччына ўхваліла ўмовы «пераходнага перыяду» для Brexit

  • 17.01.2019, 19:48

Мяркуецца, што да канца 2020 года Вялікабрытанія будзе знаходзіцца ў прававым полі ЕЗ.

Бундэстаг у чацвер, 17 студзеня, ухваліў законапраект аб умовах «пераходнага перыяду» пасля запланаванага на 30 сакавіка выхаду Вялікабрытаніі з Еўразвязу. Супраць дакумента выступіла толькі фракцыя правапапулістскай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны», паведамляе DW.

Згодна адпаведнаму раздзелу пагаднення аб «Брэксіце», да канца 2020 года Вялікабрытанія будзе знаходзіцца ў прававым полі ЕЗ, аднак страціць права голасу. Гэты сцэнар магчымы толькі ў тым выпадку, калі «Брэксіт» будзе спарадкаваны, гэта значыць адбудзецца ў адпаведнасці з дамовай, узгодненай раней прэм'ер-міністаркай Тэрэзай Мэй і Брусэлем.

Падрыхтоўка да неўпарадкаванага «Брэксіту»

Аднак пасля таго, як 15 студзеня брытанскі парламент адхіліў пагадненне, фракцыі бундэстага мяркуюць, што неўпарадкаваных «Брэксіт» становіцца ўсё больш магчымым. Міністр замежных спраў Хайка Мас запэўніў, што ўрад ФРГ узмоцніць падрыхтоўку да такога варыянту. «Мы гатовыя да любога сцэнару», - падкрэсліў міністр і заклікаў Лондан растлумачыць, якога рашэння ён хоча дамагчыся.

Са слоў Маса, ЕЗ гатовы разгледзець альтэрнатыўны варыянт для «Брэксіта», які Мэй абяцала прапанаваць 21 студзеня. Разам з тым кіраўнік нямецкай дыпламатыі адзначыў, што «наўрад ці магчыма», што ўзгодненае раней пагадненне будзе змененае.

У сваю чаргу, Еўракамісія мае намер адправіць у краіны-сябры ЕЗ экспэртаў, якія будуць узгадняць з іх урадамі падрыхтоўку да неўпарадкаванага «Брэкзіту». Брусэль «вельмі сур'ёзна ставіцца» да такой магчымасці і не збіраецца пускаць справу на самацёк, прыводзіць словы прадстаўніка Еўракамісіі інфармагенцтва AFP.

Апошнія навіны