BE RU EN

Жыхары Полацка: ЖКГ скарацілі так, што няма каму працаваць

  • 17.01.2019, 17:21

У Полацку не вывозіцца смецце, жыллёва-камунальная гаспадарка разводзіць рукамі.

Перапоўненыя кантэйнеры для смецця і непрыемны пах - такую карціну назіраюць жыхары некаторых раёнаў Полацка ўжо больш за два тыдні, паведамляе «Еўрарадыё».

Праблема паўстала пасля таго, як вываз смецця ў Полацку перадалі ад мясцовага ЖКГ наваполацкаму «Біямехзаводу бытавых другасных рэсурсаў». Пакуль новы аператар вывазу смецця спрабуе выправіць сітуацыю, жыхары дзеляцца фатаграфіямі брудных двароў і абураюцца працай камунальнікаў.

«Вэрхал са смеццем быў заўсёды, - распавёў палачанін Аляксандр. - І да Новага года, і пасля. Дзе вывозяць, а дзе і не. Людзі не проста так скардзяцца. Куды я выношу, там яшчэ вывозяць, але гэта амаль цэнтр горада. ЖКГ скарацілі так, што няма каму працаваць».

Полацкаму ЖКГ не ставала сваёй тэхнікі і работнікаў, таму вывазам смецця ў Полацку з 2-га студзеня займаецца прадпрыемства з Наваполацка. Галоўны інжынер «Біямехзавода» Вадзім Куляшоў расказаў, што праблемы ў Полацку ўзніклі з розных прычын і на іх развязанне патрэбны час.

«Праблема ёсць, але ў большай ступені ў прыватным сектары, - кажа Вадзім Куляшоў. - Полацк нам перадалі цалкам. Ёсць нюансы, бо ў прыватным сектары мы не працавалі. Як можам, напружанне здымаем, але ёсць маленькія вулкі, куды нашы машыны не праходзяць габарытамі. Катастрафічна не стае кантэйнераў, з якімі мы працуем. Плюс варункі надвор'я: снег, дзе чысцяць, дзе не.

Мы прапаноўвалі пачаць з аднаго раёна, каб вывучыць праблему. Па-добраму, патрэбны год, а з нас хочуць немагчымага. Палова тэхнікі, якую нам перадалі з Полацка, толькі перасоўваецца. Менавіта перасоўваецца. Да ручкі даведзена ўсё. Гэта ўсё лірыка, я разумею. Па галаве мяне не пагладзяць, але як ёсць. Працаваць на два гарады было не нашай пастановай. Будзем працаваць, але трэба час, каб усё наладзіць».

Апошнія навіны