BE RU EN

Як цяпер жыве былы міліцыянт, які стаў на абарону Курапатаў?

  • 17.01.2019, 11:05

Міхаіл Грамыка распавёў, чым жыве і зарабляе сёння.

У ліпені 2018 года прапаршчык міліцыі Міхаіл Грамыка паспеў і паўдзельнічаць у акцыі пратэсту каля рэстарацыі ў Курапатах, і страціць працу, і пасядзець у турме, піша nn.by. А цяпер ужо былы міліцыянт Грамыка распавёў, чым жыве і зарабляе сёння, чаму не можа знайсці сталую працу.

- З моманту вашага звальнення з міліцыі прайшло паўгода. Раскажыце, дзе цяпер працуеце?

- Не займаюся нічым. Працу не знайшоў пакуль. Бо куды ні пойдзеш, патрэбная характарыстыка. А хто ж мне дасць такую характарыстыку, якая патрэбна... Мяне ж звольнілі на падставе артыкула, дакладна не памятаю фармулёўку, але сутнасць такая - атрымалася, што я не выконваў умовы кантракту. Таму што быў абавязаны не падтрымліваць палітычныя партыі і руху і не выказвацца ў іх падтрымку. Я, здаецца, і не выказваўся, але... Ну напісалі, калі звальнялі... Я прачытаў, але, падумаў, што ўсё адно. Ды і падпісаў.

Таму цяпер з працай цяжкавата. Але я спрабую сваё хобі развіваць, займаюся скуранымі вырабамі. Стаў рамеснікам.

Трохі грошай з гэтага маю. Але даход, вядома, нестабільны. Няма такога, як раней, калі ведаў, што 20-га штомесяц заробак дакладна будзе.

А цяпер можа крыху сёння з'явіцца, а пазней - яшчэ крыху. Бывае і 500 рублёў заробіш, а бывае і 200.

- Выходзіць менш, чым зараблялі ў міліцыі? (Грамыка казаў, што ў перыяд працы на Акрэсціна атрымліваў 800-850 рублёў на месяц. - Рэд.)

- Так, усё ж менш.

- Жонка не злуецца?

- Асноўная «праблема» - дык гэта жонка! (Смяецца.)

Кажа, ішоў бы працаваць!.. Адказваю, маўляў, грошы ж прыношу, чаго табе... А куды пайду? У ахову? Дык там усе былыя міліцыянты, у тым ліку і начальнікі. Убачаць маю характарыстыку - і ўсё. Ды і што я там зараблю, тыя ж 500 рублёў? Я і рамеснікам іх зарабляю. Але жонка кажа: дык было б там 500 і рамеснікам яшчэ 500...

- Ці не вымаўляла, маўляў, дарма вы раздавалі інтэрв'ю?

- Ну было трохі...Спачатку негатыўна ставілася, але потым паглядзела, што ў каментах падтрымліваюць мяне, - і памякчэла.

Казала, маўляў, чаму да інтэрв'ю нічога ёй не сказаў, не папярэдзіў... Але калі б я жонку папярэдзіў, то і не было інтэрв'ю ніякага (смяецца).

- У жонкі не было праз вас праблем на працы?

- Не, усё нармальна, ніякіх праблем.

- У дачкі ва ўніверсітэце?

- Таксама няма. Усё неяк абышлося. Задаволіліся тым, што тады мне арганізавалі «паказальны выступ» з судом, з адседкі ў турме.

- Вы казалі, што ваш бацька вас асудзіў.

- Не, так няправільна казаць. Бацька мой глядзіць расейскія каналы, «Расею-24». Наглядзіцца гэтых ідыётаў... А наконт майго ўчынку, то ён, калі даведаўся, то спачатку сказаў: «Няхай да мяне пасля гэтага не прыязджае!» Але гэта ён так сказаў, не разабраўшыся. Пасля даведаўся падрабязнасці, пачытаў інтэрв'ю, тое-сёе... Нармальна. Бацька ёсць бацька ўсё ж, не чужы чалавек.

- Сустракаеце сёння былых калег з міліцыі?

- Кожны дзень амаль іх бачу. У мяне ж «міліцэйскі» дом.

- Выказваюць што-небудзь?

- Не надта. Цяпер ужо ўсе суцішыліся.

Але і раней негатыву я не бачыў. Большасць нейтральна паставіліся, проста нічога не казалі. Але і былі тыя, хто выказваў падтрымку.

- Пасля таго выпадку бывалі ў Курапатах?

- У Курапатах не. Але хадзіў на шэсце на Дзяды.

- І як вам?

- Без звычкі цяжка столькі прайсці! (Смяецца.)

Але правільная акцыя. Трэба такое праводзіць, трэба хадзіць. Гэта ж ужо традыцыя наша такая.

- Пасля ўсіх падзей стаўленне вашае да міліцыі не змянілася?

- Ды не, я ж казаў, што кожны паасобку міліцыянты выдатныя людзі. А калі дурань які-небудзь загад аддае, то і пачынаецца...дысцыпліна ў нас, у беларусаў, ж высокая.

Калі былі Дзяды, на шэсці купіў сабе маленькі бел-чырвона-белы сцяжок, прымацаваў да курткі і ўзяў налепку з Пагоняй, наклеіў пад ёй на куртку, туды, дзе сэрца. Ішоў, патрульныя стаялі: лейтэнант і прапаршчык, маладыя хлопцы. І лейтэнант падышоў да мяне, кажа, маўляў, сцяжок, схавайце, калі ласка. Ветліва казаў, нармальна.

Я кажу: хлопцы, дык а што ж гэта!?

А лейтэнант са мной казаў такім тонам, нібы прабачэння прасіў, кажа, загадваюць, а я што зраблю?

Я спачатку хацеў паспрачацца, а потым думаю - ой, чаго я буду... Паклаў сцяжок у кішэню. А налепка на куртцы засталася. І прапаршчык кажа - гэта таксама зніміце! Я яму адказаў - куды, гэта ж наш дзяржаўны герб! І герб Віцебска! І пайшоў сабе ад іх. (Смяецца.)

Апошнія навіны