BE RU EN

Японія заявіла Расеі пратэст праз дзеянні памежнікаў паблізу Курылаў

  • 17.01.2019, 9:59

У японскім МЗС назвалі дзеянні расейскага боку непрымальнымі.

Міністэрства замежных спраў Японіі выказала пратэст Расеі ў сувязі з інцыдэнтам ля берагоў паўднёвых Курылаў, у якім удзельнічалі два японскіх рыбалавецкія судны. Пра гэта паведамляе Hokkaido Shimbun (пераклад - РБК).

Паводле звестак газеты, японскія судны вялі промысел недалёка ад выспы Кунашыр. Да іх падплылі расейскія памежнікі, якія запатрабавалі паказаць дакументы. Пры праверцы былі выяўленыя парушэнні, у выніку чаго супрацоўнікі ФСБ запатрабавалі ад маракоў заплаціць штраф на месцы.

Пры гэтым інфармацыя аб суме штрафу і выяўленых парушэннях не ўдакладняецца. У японскім МЗС назвалі дзеянні расейскага боку непрымальнымі.

Японія прэтэндуе на Паўднёвыя Курылы і называе іх Паўночнымі тэрыторыямі, «акупаванымі» Расеяй. Выспы Кунашыр, Шыкатан, Ітуруп і града Хабамаі былі перададзеныя СССР у 1945 годзе, але, так як паміж Масквой і Токіё не было падпісана мірнай дамовы, іх статус дагэтуль не замацаваны. Японскі ўрад рэгулярна выказвае пратэсты з нагоды расейскай вайсковай дзейнасці на Паўднёвых Курылах.

Апошнія навіны