BE RU EN

Reuters: Мэй не падасць у адстаўку праз галасаванне аб Brexit

  • 16.01.2019, 10:09

Прэм'ер-міністарка Брытаніі найбліжэйшыя дні мае намер абмеркаваць сітуацыю з уладамі ЕЗ.

Прэм'ер-міністарка Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй не збіраецца падаваць у адстаўку пасля краху галасавання ў парламенце краіны аб умовах выхаду з Еўразвязу. Пра гэта заявіў прадстаўнік брытанскай прэм'еркі, паведамляе Reuters.

Са слоў супрацоўніка канцылярыі прэм'еркі, Мэй мяркуе, што яна ўсё яшчэ карыстаецца падтрымкай ніжняй палаты парламента.

Нават пры выразе вотуму недаверу ўраду (галасаванне аб вотуме адбудзецца ў сераду, 16 студзеня, а 19:00), у Мэй будзе 14 каляндарных дзён на аднаўленне даверу.

"Мэй сканцэнтруецца на Brexit і найбліжэйшыя дні абмяркуе сітуацыю, якая склалася з уладамі Еўразвязу", - гаворыцца ў паведамленні.

15 студзеня 2019 года дэпутаты Палаты абшчын на вызначальным галасаванні аб прапанаваным прэм'ер-міністаркай Тэрэзай Мэй пагадненні аб Brexit выказаліся супраць угоды - 432 супраць 202. Да гэтага палата лордаў не падтрымала выхад краіны з ЕЗ у абыход пагаднення Brexit: 321 голас супраць 152.

Адхіленая версія пагаднення паміж Вялікабрытаніяй і ЕЗ у канцы лістапада была адобрана 27 краінамі Еўразвязу. Прадстаўнікі ЕЗ раней неаднаразова давалі зразумець, што пераглядаць праект угоды аб Brexit не маюць намеру. Пры гэтым не выключалі, што могуць разгледзець варыянт адтэрміноўкі Brexit да сярэдзіны лета.

Апошнія навіны