BE RU EN

Гомельскіх пенсіянераў абакралі падчас «бясплатнага масажу»

  • 15.01.2019, 21:17

Ілжэмедработнікі скралі амаль 20 тысяч даляраў.

У Гомельскай і Магілёўскай абласцях актывізаваліся зламыснікі, якія на розных падставах заходзілі ў дамы людзей сталага ўзросту. 10 студзеня дзве жанчыны пад выглядам медыцынскіх работніц патрапілі ў кватэру да сямейнай пары (мужу і жонцы па 80 гадоў) і скралі 1,4 тысячы даляраў. Адна ілжэмедработніца адцягвала ўвагу мужчыны размовамі, а другая рабіла нібыта бясплатны масаж яго невідушчай жонцы ў суседнім пакоі. Адтуль і зніклі грошы.

14 студзеня ў Глускі РАУС звярнулася вясковая жыхарка, у якой зніклі 17,6 тысяч даляраў. Гэтыя грошы яна збірала на жыллё дзецям. У той дзень у вёску прыйшлі некалькі жанчын, якія хадзілі па хатах і траплялі туды з розных нагодаў. Заяўніца распавяла, што адна з гасцей стаяла на вуліцы, другая адцягвала яе ўвагу размовамі, а трэцяя хадзіла па хаце. Затым гаспадыня адышла, калі яе папрасілі прынесці вады. Потым яна выявіла знікненне грошай.

У Менску і Менскім раёне ў канцы 2018 года зарэгістравалі 5 заяваў аб пранікненні невядомых асобаў у кватэры грамадзян сталага веку - госці прадстаўляліся работнікамі «Мінгазу». Пасля такіх візітаў знікалі грашовыя ашчаджанні. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку выявілі, што да злачынства датычныя грамадзяне Расеі, якія перыядычна прыязджаюць сюды з Разанскай вобласці. Дваіх мужчын злавілі на месцы злачынства 8 снежня пасля крадзяжу ў Калодзішчах. Выяўлена, што яны маглі здзейсніць сем такіх злачынстваў у сталіцы, Менскім раёне і ў Віцебску, паведамляе прэс-служба МУС.

Апошнія навіны