BE RU EN

Ізраіль заявіў аб сваёй паветранай перавазе ў Сірыі

  • 13.01.2019, 14:57

Пра прычыны бяздзейнасці расейскіх С-300 пакуль невядома.

Ізраільская авіяцыя за мінулыя некалькі гадоў нанесла незлічоную колькасць удараў па цэлях Ірана і яго хаўруснікаў. Пра гэта ў інтэрв'ю The New York Times распавёў начальнік Генштаба Арміі абароны Ізраіля Гадзі Айзенкот. Ён падкрэсліў, што ЦАХАЛ паразіў «тысячы цэляў», не ўзяўшы на сябе адказнасць» і «не просячы хвалы», піша newsader.com.

Чыноўнік указаў, што Іран падрыхтаваў на вайну супраць Ізраіля «100 тысяч шыіцкіх байцоў з Пакістана, Афганістана і Ірака», якія стварылі ваенныя пазіцыі на сірыйскіх вайскова-паветраных базах.

Памылка іранцаў, на думку Айзенкота, палягае ў няправільным выбары месца дыслакацыі - тэрыторыі Сірыі. «У нас поўная выведвальная перавага ў гэтай зоне. Мы карыстаемся поўнай паветранай перавагай», - заявіў кіраўнік Генштаба ЦАХАЛ, дадаўшы, што баявы патэнцыял праціўніка нізкі.

Ён паведаміў, што ўрад даручыў яму актывізаваць аперацыі ў рэгіёне ў студзені 2017 года, і за адзін толькі 2018 год ізраільскія самалёты скінулі на варожыя пазіцыі дзве тысячы бомбаў.

У ноч на 12 студзеня ізраільская авіяцыя нанесла новыя авіяўдары па цэлях у Сірыі. Як паведамляецца, у выніку былі знішчаныя склады іранскіх сіл і групоўкі «Хезбала», а таксама, магчыма, тры іранскія грузавыя самалёты Hercules. Ізраільскія ўлады не каментавалі ўдары.

Цяперашняя аперацыя ВПС Ізраіля праведзеная праз два тыдні і некалькі дзён пасля папярэдняга аналагічнага налёту, які быў здзейснены 25 снежня.

Бамбаванні праходзяць на фоне нядаўніх паведамленняў аб пастаўках у Сірыю перадавых расейскіх зенітных комплексаў С-300, якія, паводле сцвярджэння Масквы, павінны былі стрымаць ізраільскую авіяцыю ў рэгіёне. Пра прычыны бяздзейнасці С-300 пакуль невядома.

Апошнія навіны