BE RU EN

Турэцкае войска нарошчвае сілы ля мяжы з Сірыяй

  • 13.01.2019, 13:15

Турцыя падцягвае войскі да правінцыі Ідліб.

Турэцкае войска ўзмацняе свае пазіцыі на мяжы з правінцыяй Ідліб на поўначы Сірыі. Агенцтва Reuters паведаміла ў суботу, 12 студзеня, што ў памежную турэцкую правінцыю Хатай прыбыла калона танкаў і бранаваных машын. Службы бяспекі Турцыі не каментуюць перасоўвання войскаў і не зняпраўджваюць звесткі пра вайсковую аперацыю, якая, магчыма, рыхтуецца на тэрыторыі Сірыі, паведамляе Радио Свобода.

Кіраўнік Дзярждэпартамента ЗША Майк Пампея напярэдадні, пасля размовы з міністрам замежных спраў Турцыі Меўлютам Чавушоглу, выказаў упэўненасць у тым, што іх краіны змогуць дасягнуць кампрамісу ў спрэчцы пра курдскія атрады самаабароны. Турэцкія ўлады ўважаюць гэтыя атрады «тэрарыстычнай супольнасцю».

Са слоў Пампея, ЗША прызнаюць права Турцыі абараняць сябе ад тэрарыстаў. Разам з тым, як заявіў Пампея падчас візіту ў Абу-Дабі, «тыя людзі, якія не з'яўляюцца тэрарыстамі і якія змагаліся з намі побач, заслугоўваюць нашай абароны».

Дагэтуль амерыканцы падтрымлівалі Курдскую групоўку YPG, што змагаецца на поўначы Сірыі з баявікамі з арганізацыі «Ісламская дзяржава». Пасля заявы ЗША аб вывадзе войскаў з гэтага рэгіёну курды асцерагаюцца ўзмацнення ціску з боку Турцыі.

Акрамя таго, у шэрагу сусветных краін узнікла апасенне, што вакуум, які ўтварыўся на поўначы і ўсходзе Сірыі, запоўняць іншыя сілы ўплыву - такія, як Турцыя або Расея, гаворыцца ў публікацыі «Немецкой волны».

Апошнія навіны