BE RU EN

«Кіроўца сказаў, што такі ажыятаж бывае толькі на Новы год»

  • 11.01.2019, 17:16

Надвор'е паўплывала на працу таксовак у Менску.

Сённяшняя раніца ў Менску выдалася па-сапраўднаму марознай. А многія і не чакалі: у кагосьці не завёўся аўтамабіль, хтосьці нават не стаў спрабаваць яго заводзіць. А хтосьці не захацеў ехаць на грамадскім транспарце: холадна ж. У выніку працы дадалося ў сталічных таксістаў, піша onliner.by.

Марозная раніца ў таксі

Менчукі распавялі, што таксоўку сёння раніцай выклікаць было няпроста - попыт вялікі.

- Мне трэба было даехаць з Сухарава ў цэнтр. Спрабавала раніцай выклікаць Uber - няма аўто — - распавяла чытачка. - Добра, выклікаю «Яндэкс.Таксі», у маім разуменні, гэта ўсё адно і тое ж. Даехала, але калі звычайна плаціла за такую паездку блізу 7 рублёў, то сёння выклала амаль 13 - такі вось падвышаючы каэфіцыент.

Сапраўды, пры вялікім ажыятажы ў некаторых сэрвісаў уводзіцца каэфіцыент, які істотна павялічвае кошт паездкі. Прынцып просты: едзе той, хто гатовы плаціць. Усё сумленна, бо кліент загадзя бачыць кошт і можа прыняць узважаную пастанову. З традыцыйнымі службамі таксовак справы ідуць інакш: кошт паездкі вызначаецца лічыльнікам, усталяваным у аўто, а тарыф, як правіла, застаецца нязменным. Іншая справа, што пры высокім попыце выклікаць машыну праз тэлефон бывае цяжка: іх проста не стае на ўсіх ахвотных.

- Кіроўца распавёў, што агулам кошт паездак раніцай падрос рублёў на 10-12. Калі з Каменнай Горкі ў цэнтр паездка звычайна каштавала 8 рублёў, то сёння раніцай за яе плацілі 20 — - распавяла дзяўчына.

Часцей за ўсё ажыятаж на паслугі таксовак у сталіцы назіраецца па вечарах у пятніцу ці суботу, а таксама ў святочныя дні.

- Пакуль ехалі, разгаварыліся з таксістам. Ён кажа, што такі ажыятаж на паслугі таксовак у Менску бывае хіба што на Новы год. Заказаў вельмі шмат: ён паказваў дадатак, там некаторыя раёны адзначаныя фіялетавым колерам. З ягоных слоў, гэта азначае высокі попыт. Для таксістаў, напэўна, гэта добра: чым больш працы, тым вышэйшы даход, - прадаўжае наша чытачка.

Яна па сакрэце распавяла, што таксіст папрасіў яе скасаваць паездку праз дадатак.

- Справа ў тым, што ён не можа ездзіць за гатоўку з нейкай прычыны, толькі безнаяўны разлік. А калі прымаў заказ, ён чамусьці не ведаў, як я буду плаціць. Або заказаў настолькі шмат, што кіроўцы бяруцца за ўсё запар. Карацей, развязалі пытанне, усё нармальна, - адзначыла дзяўчына.

Далёка не факт, дарэчы, што на працу сёння змаглі выйсці ўсе таксісты, хто хацеў гэта зрабіць. Мароз - ён для ўсіх мароз.

- Мой таксіст распавёў, што гутарыў раніцай з кіроўцамі: было нямала тых, хто не змог завесці аўтамабіль. Хтосьці свядома наважыўся застацца дома. Ды і пакуль мы ехалі, бачылі машыны тры-чатыры на «аварыйках» - змерзлі, напэўна. У гэты момант на вуліцы было блізу -15 градусаў, — распавяла суразмоўца.

А заўтра пацяпленне

У Рэспубліканскім цэнтры гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя паведамілі, што мінулая ноч была самай халоднай сёлета. Выбіраць, праўда, асабліва няма з чаго - і двух тыдняў у 2019-м яшчэ не прайшло. Але ўсё ж: уначы тэмпература ў некаторых раёнах краіны апускалася ніжэй за -22 градусы Цэльсія. Халадней за ўсё было ў Бярэзінскім запаведніку (амаль 23 марозу), Вілейцы, Клічаве.

У Менску тэмпература таксама адрознівалася ад раёна да раёна. На праспекце Незалежнасці, да прыкладу, было зафіксавана -16 градусаў, а ва Уруччы -22.

- Ноч была халодная, але гэта холад перад пацяпленнем. Ужо ў найбліжэйшыя дні надвор'е пераменіцца, у Беларусь прыйдзе франтальны раздзел, і, хоць цыклон і праходзіць па самай поўначы Еўропы, у нашай краіне значна пацяплее — распавялі сіноптыкі.

Ужо наступнай ноччу тэмпературы ў Беларусі будуць вагацца ад -6 да -12 градусаў Цэльсія, заўтра ўдзень у краіне будзе ад -5 да +1. Традыцыйна ў заходніх раёнах цяплей, ва ўсходніх - халадней. У Менску заўтра чакаецца -1...-3. Пацяпленне прадоўжыцца і ў наступныя дні, у нядзелю ў сталіцы, да прыкладу, будзе ўсяго блізу нуля градусаў. Будуць ападкі, на дарогах магчымая галалёдзіца.

Дарэчы, інфармацыя для тых, хто больш за ўсіх сёння замерз. У гэты дзень, 11 студзеня, у 1950 годзе ў Менску было амаль -35 градусаў Цэльсія. І яшчэ адзін цікавы факт: 14 студзеня 1993 года быў рэкордна цёплы дзень - плюс 7,7 градуса. А ў 1893-м, роўна за 100 гадоў да гэтага, рэкордна халодны -33 марозу.

Апошнія навіны