Пакаленне недалуг: чаму маладзёны сёння слабейшыя за сваіх бацькоў
- 10.01.2019, 12:12
Сіла цягліц маладзёнаў ва ўзросце блізу 30 гадоў упала за апошнія дзесяцігоддзі ў сярэднім на 20%.
Даследаванне паказала: сённяшнія маладзёны не такія моцныя, як іх бацькі і дзядулі 30 гадоў таму, паведамляе нямецкае выданне Stern (пераклад - inopressa.ru).
Паводле даследавання, апублікаванага ў навуковым часопісе Journal of Hand Therapy, сіла цягліц кісці маладзёнаў ва ўзросце блізу 30 гадоў упала за апошнія дзесяцігоддзі ў сярэднім на 20% - і гэта, заўважае аўтар артыкула Крыстаф Фрэліх, у эпоху фітнес-дадаткаў і суперфудаў.
"Сілу кісці 237 падыспытных ва ўзросце ад 20 да 34 гадоў вымяралі з дапамогай дынамометру. Атрыманыя паказчыкі супастаўляліся са звестакмі 1985 года. Вынік быў адназначным: сіла кісці сучаснага мужчыны склала прыкладна 49 кг, у 1985 годзе гэты паказчык у сярэднім быў роўны 58,5 кг", - паведамляе выданне.
"У выпадку з жанчынамі справы ідуць крыху лепш: у сярэднім сіла цягліц кісці жанчын склала 37,5 кг - гэтак жа, як і ў 1985 годзе. Пры гэтым паказчыкі жанчын ва ўзросце ад 30 да 34 гадоў былі нават лепшымі за паказчыкі іх мам і бабуль", - гаворыцца ў артыкуле.
"Прычына страты сілы звязаная са зменай працоўнай дзейнасці, - тлумачыць Фрэліх. - У 1980-я гады значна больш мужчын мелі прафесіі, у якіх была патрэбная фізічная сіла. У сучасным грамадстве, наадварот, не стае інтэнсіўнай фізічнай актыўнасці, што прыводзіць да памяншэння сілы".
Вынік экспэрыменту, адзначае выданне, суадносіцца і з іншымі даследаваннямі. Так, даследаванне, праведзенае ў 2013 годзе паказала, што для таго, каб прабегчы дыстанцыю 1,6 км, сучасным дзецям трэба на 90 сэкунд (5%) больш часу, чым патрабавалася іх аднагодкам у 1975 годзе.