BE RU EN

У Новы год зонд NASA наблізіўся да аднаго з самых далёкіх целаў Сонечнай сістэмы

  • 1.01.2019, 11:55

Навукоўцы чакаюць сігналу ад «Новых даляглядаў».

1 студзеня аўтаматычны міжпланетны зонд NASA "Новыя далягляды" дасягнуў астэроіда Ultima Thule ("Ускрай свету"), які знаходзіцца за арбітай Нэптуна і складаецца з лёду і пылу, паведамляе BBC.

Навукоўцы чакаюць сігнал ад зонда, які знаходзіцца за 6,5 млрд км ад Зямлі, каля самага далёкага касмічнага аб'екта, які калі-небудзь даследавалі людзі.

Зонд "Новыя далягляды" мае запоўніць свае банкі памяці мноствам фатаграфій і навуковых звестак. Пасля праходу каля Ultima Thule ён мае адправіць гэтыя звесткі на Зямлю.

У NASA асцерагаюцца, што "Новыя далягляды" можа сутыкнуцца з адломкамі лёду або скалы ў ваколіцах астэроіда. Касмічны карабель рухаецца з хуткасцю 14 км/с, таму нават часцінкі памерам з рысавае зерне могуць яго пашкодзіць.

Зонд будзе знаходзіцца на адлегласці 3500 кіламэтраў ад паверхні Ultima Thule.

Калі лёт будзе праходзіць у штатным рэжыме, "Новыя далягляды" пачне перадаваць гігабайты звестак і першыя малюнкі, якія будуць апублікаваныя 2 студзеня. Дзякуючы інфармацыі зонда навукоўцы спадзяюцца атрымаць звесткі аб фармаванні Сонечнай сістэмы 4,6 мільярда гадоў таму.

Апошнія навіны