BE RU EN

Міністэрства аховы здароўя: Частку пацярпелых ад выбуху на «Магілёўдрэве» перавязуць у Менск

  • 26.09.2018, 10:58

Раніцай у сталіцу даставілі першую з супрацоўніц прадпрыемства.

Пацярпелым у НЗ на "Магілёўдрэве" надаецца медыцынская дапамога, некаторых з іх пастанавілі перавезці з Магілёва ў Менск, паведамілі ў прэс-службе міністэрства аховы здароўя Беларусі ў сераду, піша interfax.by.

"Раніцай, пасля кансультацыі і абследавання, адна пацыентка (у вельмі цяжкім стане) была шпіталізаваная ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр Шпіталя хуткай медыцынскай дапамогі Менска. Сёння плануецца перавод у Менск яшчэ некалькіх пацыентаў", - праінфармавала прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун.

Яна таксама адзначыла, што ўночы з 25 на 26 верасня ў Магілёў прыбыў для кансультацыі галоўны пазаштатны камбустыёлаг Міністэрства аховы здароўя дацэнт кафедры пластычнай хірургіі і камбустыёлагі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Аляксей Часнойць.

Як паведамлялася са спасылкай на СК, паводле папярэдняй інфармацыі, выбух на "Магілёўдрэве" адбыўся ўвечары 25 верасня пад 18 гадзін 30 хвілін у лакафарбавым цэху прадпрыемства. У выніку адбылося ўзгаранне вытворчага ўчастка. Супрацоўнікі МНС пажар ліквідавалі.

На момант выбуху ў вытворчым памяшканні знаходзілася шэсць работнікаў. З тэрмічнымі пашкоджаннямі рознай ступені цяжкасці яны былі шпіталізаваныя - у Магілёўскую лякарню №1 і Магілёўскую лякарню хуткай медыцынскай дапамогі.

Цяпер следчымі высвятляюца абставіны здарэння, адбіраецца дакументацыя прадпрыемства, у тым ліку тая, якая рэгламентуе тэхніку бяспекі на вытворчасці. Апытваюцца відавочцы, а таксама службовыя асобы ААТ "Магілёўдрэў".

Апошнія навіны