У ваўкавыскай спартовай школе склалі «План спаборніцтваў у карупцыі»
- 24.09.2018, 16:17
Гэтым школа збянтэжыла вучняў і іх бацькоў.
Ваўкавыская спартовая школа прафзвязаў збянтэжыла сваіх вучняў і іх бацькоў «Планам спаборніцтваў у карупцыі». Як паведамляе «Еўрарадыё», здымак дакумента апублікаваў рэпетытар Яўген Лівянт.
Ужо за адну сваю назву «План спаборніцтваў у карупцыі» стаў аб'ектам жартаў у сацсетках. Дзіўна і тое, што побач з адукацыйнымі размовамі пра прычыны карупцыі і прыкметы хабарніцтва ў плане выявіліся такія нестандартныя антыкарупцыйныя мерапрыемствы, як турніры ў футболе, плаванні і вольнай барацьбе.
Дырэктарка ДЮСШ Марына Аўсейчык мяркуе, што сувязь паміж карупцыяй і дзіцячымі спаборніцтвамі ўсё ж ёсць.
«Гэта такая наша форма пратэсту супраць карупцыі. Мы расказваем дзецям пра тэлефоны даверу і гарачыя лініі. І тлумачым, што, калі раптам вам трэнер пачне казаць, што трэба нейкія дадатковыя грошы плаціць за трэніроўкі або за ўдзел у спаборніцтвах, што ў такіх выпадках трэба рабіць. Што тычыцца спаборніцтваў у супрацьдзеянні, то мы праводзім іх на розныя тэмы. Напрыклад, супраць допінгу. А як мы яшчэ можам вызначыць тэматычна гэта ўсё? Толькі спаборніцтвамі».