У Драздах мужчына з нажом кінуўся на АМАПаўцаў
- 23.09.2018, 16:03
Міліцыянт зрабіў стрэл у паветра, каб супакоіць мужчыну з нажом.
Пра гэта паведамляе прэс-служба ГУУС Менгарвыканкама, паведамляе «Белсат».
Інцыдэнт адбыўся 22 верасня ў раёне вадасховішча «Дразды». Удзень аўтапатруль АМАП убачыў каля дамбы мужчыну, «паводзіны якога былі неадэкватнымі і агрэсіўнымі». Ён махаў рукамі і нецэнзурна лаяўся, паведамляе міліцэйская прэс-служба. Супрацоўнікі АМАПу паспрабавалі падысці да мужчыны, і тады ён пачаў уцякаць.
Аддаліўшыся на некалькі метраў, спыніўся, дастаў з кішэні нож і накіраваўся ў бок міліцыянтаў. Патрабаванні сілавікоў ён ігнараваў, таму адзін з іх зрабіў папераджальны стрэл у паветра. Пасля чаго мужчына кінуў нож і спыніўся.
Яго затрымалі і даставілі ў Цэнтральны РУУС.
Высветлілася, што ўдзельнік інцыдэнту - беспрацоўны, яму 37 гадоў. Раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці - за маёмасныя злачынствы і незаконны абарот наркотыкаў. У Цэнтральным РУУС праводзяць праверку, каб ацаніць дзеянні затрыманага.