BE RU EN

Беларуснафта можа ўвесці плату за падсілкоўванне электрамабіляў

  • 22.09.2018, 11:27

Электраэнэргія - такі ж тавар, як паліва, уважае чыноўнік.

Дзяржаўнае ПА «Беларуснафта» разгледзіць пытанне збірання платы за падключэнне электрамабіляў да станцый сілкавання з 2019 года. Пра гэта паведаміў намеснік генеральнага дырэктара Беларуснафты Сяргей Каморнікаў падчас VI Міжнароднай галіновай канферэнцыі «Рынак нафтапрадуктаў і газу Рэспублікі Беларусь: вытворчасць, трэйдзінг, розніца», паведамляе primepress.by.

«Калі кліент прыязджае на станцыю электрасілкавання, ён бясплатна падключаецца, і нічога не плаціць за сілкаванне. Так было летась, і так будзе да канца гэтага года. Але да наступнага года мы будзем прымаць пастанову. Магчыма, яшчэ нейкі перыяд часу захаваем бясплатнае падсілкоўванне, таму што мы разумеем, што трэба стымуляваць спажыўцоў, і пакуль мы не будзем браць аплату. Аднак, электраэнэргія - такі ж тавар, як паліва, як спадарожная нейкая паслуга, і за падсілкоўванне трэба будзе плаціць», - сказаў Каморнікаў.

З ягоных слоў, магчыма, што менавіта асноўны даход АЗС будуць атрымліваць ад продажу электраэнэргіі.

Як паведамлялася, у 2018 годзе Беларуснафта вызначана дзяржаўным аператарам у стварэнні і развіцці сеткі станцый сілкавання ў Беларусі. Да канца 2018 г кампанія плануе пабудаваць да 100 станцый сілкавання.

«Мы хочам забяспечыць электрасілкаваннем усе асноўныя магістралі з тым, каб спажывец, які мае электрамабіль, мог даехаць з любога абласнога цэнтра да Менска, альбо перасекчы краіну з Заходняй Еўропы ў РФ ці Украіну. Ёсць два сцэнары развіцця гэтага рынку - аптымістычны і песімістычны. Але ўсе краіны-суседзі і краіны Заходняй Еўропы бачаць напрамак перспектыўным, практычна ўсе аўтамабільныя гіганты пераходзяць на вытворчасць электрамабіляў, таму мы ідзём па шляху стварэння сеткі станцый электрасілкавання», - сказаў Каморнікаў.

Кошт станцый залежыць ад іх тыпу. Станцыі працяглага сілкавання, дзе аўтамабіль зараджаецца 5-7 гадзін, каштуюць адносна нядорага - 1-2 тысячы даляраў за адну станцыю. Такія прылады разлічаны на падсілкоўванне электрамабіляў у начны час ці, напрыклад, іх усталёўваюць у офісных будынках, і ўладальнік можа паставіць электрамабіль на падсілкоўванне на час працоўнага дня.

Кошт станцый хуткага падсілкоўванне, дзе аўтамабіль можна падсілкаваць за 20-30 хвілін, складае 20-30 тысяч даляраў за станцыю. «Але тэхналогіі развіваюцца вельмі хутка, і кошт абсталявання зніжаецца. Яшчэ гады два таму кошт такіх станцый даходзіў да 50 тысяч даляраў. Тут вельмі шмат залежыць не толькі ад самой станцыі, але і дзейных сістэм уключэння ў лінію электраперадач, энергаёмістасці аб'екта, таму што не кожны аб'ект у стане гэтую станцыю прыняць», - сказаў Каморнікаў.

У Беларусі вызначаны месцы і фарматы станцый, якія будуць адкрыты ў 2019-2020 гг. У перспектыве развіццё сеткі электрасілкавальных станцый будзе залежаць ад дынамікі развіцця гэтага віду транспарту, ад умоў, якія будуць створаны дзяржавай для пераходу на гэты від транспарту.

Апошнія навіны