BE RU EN

У прыватных маршрутнікаў зноў праблемы

  • 21.09.2018, 17:41

Праз новыя правілы спыняе працу буйны рэгіянальны вознік.

21 верасня буйны вознік «Полацкі экспрэс» прыпыніў рэзерваванне паездак на кастрычнік. Далейшая праца фірмы пад пытаннем, паведамляе «Еўрарадыё».

«Полацкі экспрэс» - буйны рэгіянальны вознік. Маршруткі ў сталіцу з Полацка і Наваполацка ходзяць кожную гадзіну. Кіроўцы забіраюць пасажыраў у месцах, зручных кліентам, звычайна, гэта прыпынкі грамадскага транспарту. Адна паездка каштуе 10 рублёў.

«Пакуль мы часова прыпынілі рэзерваванне месцаў, каб потым не касаваць, - каментуе сітуацыю кіраўнік «Полацкага экспрэса» Дзмітрый Навіцкі. - У нас падрыхтаваныя не ўсе дакументы, каб працаваць далей. На сёння дамова на рэгулярныя перавозкі ў нас не ўкладзеная. І ці мы зробім гэта - мы не ведаем. Выйшлі новыя правілы, якія пачынаюць працаваць з 12 кастрычніка».

Новую рэдакцыю «Правілаў аўтамабільных перавозак пасажыраў» савет міністраў прыняў 31 жніўня. Гэта дакумент на 70 старонак, які ахоплівае абсалютна ўсе нюансы камерцыйных пасажырскіх перавозак: ад нормаў допуску кіроўцаў да працы да памеру і выгляду «шашачак» на аўтамабілі таксоўкі. Згодна з ім, без дамовы аб арганізацыі рэгулярных аўтамабільных перавозак праца возніка немагчымая.

Журналісты даведаліся, што дамова на рэгулярныя перавозкі ў «Полацкага экспрэса« скончылася 13 верасня.

«Мы прапанавалі гэтай фірме ўкласці дамову з намі, - кажа дырэктар Віцебскага прадпрыемства «Аператар перавозак» Сяргей Маршаловіч. - Адказу пакуль няма. Наколькі ведаю, у «Полацкага экспрэса» была дамова з прадпрыемствам «Мінскаблпасажыртранс»».

У полацкай фірме «Новы паварот», якая таксама працуе на менскім кірунку, паведамілі, што яны працуюць як звычайна.

У чым складанасць укласці дамову на рэгулярныя перавозкі?

«Ніякай складанасці ўкласці дамову няма. Складана выконваць усе гэтыя новаўвядзенні, - распавядае Генадзь, уласнік фірмы-возніка з Салігорску. - Калі чалавек адпрацаваў 15 гадоў, то яму трэба адкрываць прыватнае ўнітарнае прадпрыемства. Потым трэба адмовіцца ад рэзервавання праз тэлефон і інтэрнэт. Таксама справа ў картках на ажыццяўленне рэгулярных пасажырскіх перавозак, якія выдае «Мінскаблпасажыртранс». Калі раней выстарчала ўсім, то цяпер іншая сітуацыя. Пасажыраў трэба забіраць толькі на канкрэтных прыпынках. Там іх пяць у горадзе дазваляецца. І шэраг іншага... Дзяржава хоча, каб мы ўліліся ў шэрую масу».

Прадпрымальнік дадае, што новыя правілы створаць нязручнасці і для пасажыраў, і для вознікаў.

Апошнія навіны