Прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі: Перамовы наконт Brexit зайшлі ў тупік
- 21.09.2018, 17:22
Тэрэза Мэй падкрэсліла, што выйсці з Еўразвязу з пагадненнем будзе найлепшым варыянтам.
Перамовы паміж ЕЗ і Брытаніяй аб Brexit зайшлі ў тупік. Як піша «Европейская правда», пра гэта заявіла прэм'ер Брытаніі Тэрэза Мэй у сваім відэазвароце.
«Калі ЕЗ мяркуе, што я пагаджуся на гэтыя ўмовы, то ён істотна памыляецца», - заявіла яна, падкрэсліваючы недапушчальнасць эканамічнага аддзялення Паўночнай Ірландыі ад астатняй Вялікай Брытаніі.
Паводле яе слоў, іншы варыянт, адпаведна з якім Брытанія застаецца ў еўрапейскай эканамічнай зоне і падпарадкоўваецца ўсім еўрапейскім правілам, таксама недапушчальны.
«Я заўсёды казала, што адсутнасць пагаднення лепш за дрэннае пагадненне. Аднак я таксама казала, што выйсці з ЕЗ з пагадненнем будзе найлепшым варыянтам, таму прапанавала трэці шлях. Учора Дональд Туск заявіў, што нашы прапановы падрываюць адзіны рынак, не патлумачыўшы прычын. Таму мы ў тупіку», - заявіла Мэй.
«На цяперашнім познім этапе перамоваў недапушчальна проста адкідаць пазіцыю іншага боку без дэталёвых тлумачэнняў і сустрэчных прапаноў», - адзначыла яна.
Са слоў Мэй, ЕЗ павінен растлумачыць, што менавіта перашкаджае дасягненню пагаднення, і прапанаваць альтэрнатывы.
«Пакуль гэтага не адбудзецца, мы не зможам дасягнуць якога-небудзь прагрэсу», - адзначыла Мэй.