BE RU EN

Кім Чэн Ын падарыў прэзідэнту Паўднёвай Карэі дзве тоны далікатэсных грыбоў

  • 20.09.2018, 14:58

Грыбы мацутакэ цэняць за спецыфічны сасновы водар і вытанчаны смак.

Кіраўнік КНДР Кім Чэн Ын падарыў прэзідэнту Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Іну дзве тоны далікатэсных грыбоў мацутакэ.

Пра гэта паведаміў прэс-сакратар паўднёвакарэйскага лідара, піша Yonhap (пераклад - nv.ua).

«Пакуль прэзідэнт і ягоная жонка знаходзіліся з візітам у Паўночнай Карэі, да нас прыбыў падарунак ад Кім Чэн Ына», - сказаў ён.

Адзначаецца, што Мун Чжэ Ін загадаў раздаць грыбы чальцам раз'яднаных карэйскіх сем'яў, якія яшчэ не ўз'ядналіся са сваякамі з КНДР.

18 верасня ў сталіцу КНДР Пхеньян з трохдзённым візітам прыбыў прэзідэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ін.

Падчас супольнага з кіраўніком КНДР Кім Чэн Ынам саміту былі падпісаныя некалькі дамоваў, дзякуючы якім у дачыненні дзвюх краін наступіць «новая эра».

Акрамя таго, Кім Чэн Ын і Мун Чжэ Ін дамовіліся размарозіць перамовы аб дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава, якія раней павіслі ў паветры.

Таксама міністры абароны дзвюх Карэй падпісалі ўсёабдымнае пагадненне ў вайсковай сферы, накіраванае на зніжэнне напружанасці паміж дзвюма краінамі і прадухіленне выпадковых сутыкненняў.

Апошнія навіны