BE RU EN

Расейцы не вераць беларускім аўтамабілям

  • 19.09.2018, 14:53

«БелДжы» чакае сумная лёс іншых беларускіх аўтапраектаў.

Утрая менш аўто, чым планавалася, выпусціць сёлета завод «БелДжы». Ці мае будучыню беларуска-кітайская вытворчасць аўтамабіляў? З чым звязаны няўдачы аўтазавода - у матэрыяле Аляксандра Папко для «Белсата».

25 тысяч - менавіта столькі аўтамабіляў планаваў выпусціць у 2018-м годзе пабудаваны летась каля Барысава завод «БелДжы». Год паволі сканчаецца, і завод агучвае ўжо новыя, нашмат больш сціплыя планы. Да канца года плануецца прадаць усяго 9 тысяч аўтамабіляў.

Мэтавы рынак «БелДжы» - расейскі. Менавіта туды плануюць пастаўляць чатыры пятыя выпушчаных аўто. Толькі ці ёсць на іх попыт?

У апублікаваным нядаўна рэйтынгу аўтамабіляў, якія часцей за ўсё прадаюцца ў Расеі, няма ніводнага кітайскага. «Джылі» - гэта высакаякасны аўтамабіль, але расейскі рынак гэтага яшчэ не зразумеў, адзначаюць экспэрты. Дзмітрый Навіцкі, аўтамабільны экспэрт:

«Карпарацыя «Джылі» набыла пакет акцый карпарацыі «Volvo», і яны нядаўна набылі пакет акцый карпарацыі «Daimler». Яны вельмі хутка растуць, і якасць аўтамабіляў таксама вельмі хутка расце».

Аднак за якасць трэба плаціць. У Барысаве выпускаюць тры мадэлі коштам ад 12-ці да 17-ці тысяч даляраў. Самы танны, «Джылі Эмгранд», каштуе як заробак сярэдняга беларуса за два гады, а на прадстаўнічы «Джылі Атлас» трэба будзе адкласці тры гадавыя заробкі.

Аляксандр Лукашэнка (2017.11.17):

«Ураду даручана выпрацаваць захады, якія дазволяць нам хоць бы 60 тысяч аўтамабіляў прадаваць на ўнутраным і вонкавым рынках».

Менавіта на такую магутнасць разлічаны завод у Барысаве. Яго будоўля каштавала 400 мільёнаў даляраў. Аднак пакуль беларуска-кітайскае прадпрыемства працуе толькі на 15 адсоткаў магутнасці. Маркетолагам не ўдалося прывабіць расейскага пакупніка.

Праблемы не толькі ў аўтазавода. Мільёны бюджэтных даляраў, нядаўна ўкладзеныя ў мадэрнізацыю іншых галін прамысловасці, пакуль не прынеслі аддачы.

Аднак праблемы дзяржаўных заводаў іншыя - нізкая якасць кіравання і адсутнасць матывацыі дырэктараў.

На думку экспэртаў, у «Джылі» ёсць шанцы стаць паспяховай інвестыцыяй. Аднак калі маркетолагі кампаніі не здолеюць стварыць дылерскай сеткі ў Расеі і падняць давер да брэнду, беларуска-кітайскі завод можа спасцігнуць сумны лёс ранейшых беларускіх аўтапраектаў - «Форда» і «Саманда».

Апошнія навіны