Як беларуса падманулі на будоўлі ў Маскве
- 19.09.2018, 12:24
Гастарбайтар працаваў будаўніком без афармлення ў Краснагорску.
Аляксандр зімой убачыў аб'яву аб працы ў Расеі на тэлевізіі, піша tut.by. Вакансія яго зацікавіла, бо «ў халодную пару знайсці месца будаўніка вельмі складана».
- Грошай не было, ды і жонка пачала напружваць, што я без справы сяджу, - успамінае мужчына.
Ён патэлефанаваў на пазначаны ў абвестцы нумар і звязаўся з фірмай, якая дапамагала працаўладкоўваць беларусаў за мяжу. Кансультантка Алена хутка ўвяла ў курс справы: ёсць вакансія будаўніка ў Расеі без афіцыйнага афармлення.
Плаціць абяцалі 800 рублёў у дзень (25 беларускіх рублёў). За месяц працы без выхадных можна было атрымаць 25 тысяч расейскіх рублёў, або блізу 350 даляраў.
- Умовы абяцалі добрыя: пражыванне ў інтэрнаце, харчаванне, душ. Напраўду потым нічога гэтага не было: халодны вагончык з мультываркай і лядоўня, душ раз на тыдзень і ежа за свае грошы, - забягае наперад мужчына.
Аднак у той момант Аляксандр пагадзіўся паехаць. Яго праінструктавалі, што група выязджае аўтобусам з Воршы і прыбывае на будоўлю ў расейскі Краснагорск.
Прыбыўшы на месца, брыгада адразу пачала працу. Занятасць кожны дзень адрознівалася.
- Мог спачатку раствор мясіць, а потым блокі разгружаць і ваду адпампоўваць, - успамінае Аляксандр.
Раз на тыдзень начальнік выдаваў усім будаўнікам пад роспіс ў ведамасці тысячу расейскіх рублёў на ежу. Мужчына прапрацаваў там з лютага да траўня, але так і не пабачыў заробку.
Калі Аляксандр надумаў з'ехаць дадому, яму пачалі пагражаць і казаць, што не выплацяць нічога. Аднак мужчыне ўдалося атрымаць 5 тысяч расейскіх рублёў на дарогу і вярнуцца ў Беларусь.
Па прыездзе мужчына звярнуўся ў Дэпартамент грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі і інспекцыю працы Расейскай Федэрацыі. Таксама ён рэгулярна звязваецца з былым працадаўцам. Аднак фірма не спяшаецца выплачваць грошы і просіць Аляксандра «яшчэ крыху пачакаць».