У Беларусі ў працы аплатных тэрміналаў адбыліся збоі
- 16.09.2018, 20:46
У некаторых крамах і на запраўках не прымаюць карткі.
У Беларусі з’явіліся праблемы ў працы некаторых аплатных тэрміналаў. Чытачы tut.by паведамляюць, што праз збоі адчуваюць складанасці пры аплаце тавараў і паслуг банкаўскімі карткамі, у тым ліку ў гандлёвых сетках і на аўтазапраўках.
- У Менску на Усходзе і ва Уруччы не абслугоўваюцца банкаўскія карты ў банкаматах і крамах, - паведамляе адзін з карыстальнікаў. Іншы карыстальнік адзначае, што «жонка не змагла білеты на тралейбус купіць у «Белсаюздруку». «За МКАД таксама ў краме тэрміналы не працуюць», - паведамляе яшчэ адзін карыстальнік.
Чытачы таксама адзначаюць, што не могуць расплаціцца банкаўскай карткай у некаторых гандлёвых сетках, а таксама на аўтазапраўках. Аб праблемах паведамляюць жыхары Менска і Гомеля.
- У «Еўраопце» спыніліся аплаты картамі, - адзначае карыстальнік.
Так, у кол-цэнтры гандлёвай сеткі «Еўраопт» пацвердзілі, што цягам дня адзначаюцца тэхнічныя збоі ў прыёме аплат банкаўскімі карткамі, праблемы паўсталі не толькі ў Менску. Ці працуюць аплатныя тэрміналы, спецыяліст рэкамендавала ўдакладняць у канкрэтнай краме, якую маюць намер наведаць.
У кол-цэнтры банкаўскага працэсінгавага цэнтра патлумачылі, што збоі адбыліся з тэрміналамі фірмы «Тусон».
- Праблемы з тэрміналамі назіраюцца. Калі будуць ліквідаваныя збоі - мы не маем такой інфармацыі. Збоі адбыліся з тэрміналамі фірмы «Тусон», - растлумачылі ў кол-цэнтры банкаўскага працэсінгавага цэнтра.
Аператыўна звязацца з прадстаўнікамі кампаніі «Тусон» у нядзелю ўвечары не ўдалося. На сайце кампаніі гаворыцца, што сярод яе кліентаў - банкі, раздробныя крамы, крамы-склады, сеткі аптэк, рэстарацыі, бары, кавярні.