У Беларусі польскія дыпламаты ўшаноўваюць памяць жаўнераў Корпуса аховы памежжа
- 16.09.2018, 16:36
Пасол Польшчы ў Беларусі ў суправаджэнні дыпламатаў з амбасады ў Менску ўсклаў кветкі і запаліў лампадкі на магілах жаўнераў.
Польскія дыпламаты з амбасады ў Менску наведалі магілы жаўнераў Корпуса аховы памежжа, якія загінулі ў час савецкай агрэсіі ў дачыненні да Польшчы. У панядзелак, 17 верасня, спаўняецца 79 гадоў з моманту пачатку агрэсіі Савецкага саюза на Польшчу падчас Другой сусветнай вайны, паведамляе «Радыё Польшча».
Пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі ў суправаджэнні дыпламатаў з амбасады ў Менску ўзяў удзел у імшы ў царкве ў Даўгінаве. Затым яны ўсклалі кветкі і запалілі лампадкі на магілах жаўнераў на мясцовых польскіх вайсковых могілках.
«Тут у Даўгінаве загінулі жаўнеры Корпуса аховы памежжа. Важна, каб мы гэта памяталі», - кажа амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.
Кіраўнік польскай дыпламатычнай установы, вайсковы аташэ Аркадыуш Швец разам з польскімі дыпламатамі наведае ў Беларусі таксама іншыя месцы пахавання афіцэраў Корпуса аховы памежжа.