ЗША сталі сусветным лідарам у здабычы нафты
- 13.09.2018, 11:22
Гэта лідарства захаваецца да канца года і ў наступным годзе.
Мінулым летам ЗША, магчыма, абышлі Расею ў аб'ёмах здабычы нафты, заняўшы першае месца ў свеце. Як паведамляе расейская служба «Галасы Амерыкі», пра гэта паведаміла міністэрства энэргетыкі ЗША.
Паводле ацэнак установы, здабыча нафты ў ЗША ў жніўні склала 10,9 мільёна барэляў у дзень у параўнанні з 10,8 мільёна барэляў у Расеі.
ЗША ўпершыню за некалькі дзесяцігоддзяў выходзяць у сусветныя лідары ў здабычы нафты.
Пад уплывам буму сланцавага бурэння, асабліва ў Пермскім басейне на захадзе Тэхаса, амерыканскія вытворцы выпампоўваюць рэкордныя аб'ёмы нафты і прыроднага газу.
Калі ўлічваць агульныя аб'ёмы здабычы нафты і газу, то ЗША з'яўляюцца сусветным лідарам з 2012 года.
Што да здабычы нафты, то ЗША абышлі Саудаўскую Арабію некалькі месяцаў таму, заняўшы другое месца пасля Расеі.
Паводле прагнозаў міністэрства энэргетыкі, дасягнутае лідарства ЗША захаваецца да канца года і ў наступным годзе.
Паводле ацэнак Расеі, яна здабывае 11,2 мільёна барэляў на дзень, але гэтая лічба ўключае кандэнсат, які здабываецца разам з нафтай.
Міністэрства энэргетыкі даўно заяўляла, што апярэджанне Расеі ў здабычы нафты Злучанымі Штатамі - гэта толькі пытанне часу.
Нягледзячы на тое, што брак трубаправодаў запавольвае тэмпы росту здабычы ў Пермскім басейне, прынамсі часова, з прагнозаў міністэрства, ЗША будуць у сярэднім здабываць 11,5 мільёна барэляў нафты на дзень у наступным годзе.
Здабыча стала хутка павялічвацца пасля таго як кошты нафты пайшлі ўверх пасля нядаўняга спаду, перавысіўшы 70 даляраў за барэль.
У мінулым годзе вытворчасць нафты ў ЗША склала ў сярэднім 9,4 мільёна барэляў на дзень.
Экспарт амерыканскай нафты таксама хутка расце, складаючы блізу 2 мільёнаў барэляў на дзень.