BE RU EN

Генадзь Фядыніч: Лідарскія якасці ў мяне ніякі суд не можа адабраць

  • 12.09.2018, 12:32

Пакуль прысуд не ўвайшоў у дзеянне, ён афіцыйна займае пасаду старшыні прафзвязу РЭП.

На мінулым тыдні старшыня незалежнага прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч і галоўны бухгалтар арганізацыі Ігар Комлік падалі апеляцыйныя скаргі на прысуд, вынесены ім 24 жніўня 2018 года, згодна з якім іх прызналі вінаватымі паводле ч 2 арт 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі («ухіленне ад выплаты падаткаў у вялікай суме»).

«Мяркую, апеляцыя будзе разгледжаная не раней, чым праз месяц», - распавёў Генадзь Фядыніч сайту palitviazni.info.

Са слоў Генадзя Фядыніча, пакуль прысуд не ўвайшоў у дзеянне, ён афіцыйна працягвае займаць пасаду старшыні прафзвязу.

«І нават, калі Менскі гарадскі суд не скасуе пастановы раённага, то, фактычна, нічога не зменіцца, - кажа кіраўнік прафзвязу РЭП. - Лідарскія якасці ў мяне ніякі суд не можа адабраць, таму фармальна буду далей рабіць тую справу, што рабіў і раней. Іншая справа, што падчас хатняй «хіміі» вельмі шмат абмежаванняў, таму, напрыклад, у многіх мерапрыемствах, якія будзе праводзіць нашая арганізацыя, удзельнічаць мне забаронена».

Генадзь Фядыніч дадае, што старшыня прафзвязу РЭП абіраецца на з'ездзе, які паводле статута адбудзецца ў 2020 годзе, але раней часу праводзіць яго не збіраюцца.

«Пакуль нехта будзе выконваць абавязкі старшыні прафзвязу, хоць з кандыдатурай дакладна яшчэ не вызначыліся, - кажа ён. - Адно вядома на сто адсоткаў - наш прафзвяз, як працаваў, так і будзе працаваць раней. Нічога не зменіцца».

Нагадаем, суд Савецкага раёна прыгаварыў кіраўнікоў прафзвязу РЭП да 4 гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу з забаронай займаць кіроўныя пасады тэрмінам на 5 гадоў.

Апошнія навіны