Лідараў прафзвязу РЭП прысудзілі да чатырох гадоў «хіміі»
- 24.08.2018, 12:10
(абноўлена) Суд абмежаваў у свабодзе Генадзя Фядыніча ды Ігара Комліка.
А 12 гадзін дня 24 жніўня суд Савецкага раёна Менска вынесе прысуд паводле крымінальнай справы старшыні Беларускага незалежнага прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафзвязу РЭП Ігара Комліка, паведамляе ПЦ «Вясна».
Ім выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва вялікай суме).
Следства паводле справы цягнулася практычна год: з 2 жніўня 2017 года. Судовыя слуханні пачаліся 30 ліпеня. Працэс вядзе суддзя Марына Фёдарава.
Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пракурор просіць вынесці пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 5 гадоў без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу, з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць кіроўныя пасады на 5 гадоў. Ігару Комліку пры гэтым залічыць у тэрмін адбывання пакарання знаходжанне пад следствам у следчым ізалятары. Меру стрымання (падпіска аб нявыездзе) пакінуць ранейшай. Дом у вёсцы Сухадол прокурорка просіць лічыць ўласнасцю Фядыніча і пакінуць яго пад арыштам, а кватэру Фядыніча вызваліць з-пад арышту, бо там пражывае ягоная сям'я.
Суд пастанавіў: Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка прызнаць вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і вынесці пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 4 гады без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу, без канфіскацыі маёмасці і забароны займаць кіроўныя пасады на 5 гадоў.
Таксама суд пастанавіў спагнаць на карысць дзяржавы з Фядыніча і Комліка 47 746 рублёў і дзяржаўны збор 387 рублёў.
Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік заявілі, што будуць абскарджваць прысуд.
Справа носіць ярка выражаны палітычны характар. Экспэрты і палітолагі звяртаюць увагу на тое, што прафзвяз РЭП актыўна ўдзельнічаў у «дармаедскіх пратэстах». Менавіта з гэтай прычыны ўлады пачалі пераслед незалежнага прафзвязу.
Нагадаем, што Рада БНК заклікала да салідарнасці з Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлік. Рада заклікала актывістаў выйсці да адміністрацыі Лукашэнкі з патрабаваннямі спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць лідараў прафзвязу РЭП, грамадзянскай супольнасці і незалежнай прэсы, вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў.
За «справай прафзвязаў» пільна сачылі міжнародныя прафзвязныя арганізацыі. Глабальная федэрацыя прафсаюзаў IndustriALL, якая аб'ядноўвае больш за 50 мільёнаў рабочых.