BE RU EN

Менсктранс пракаментаваў бойку кантралёра з «зайцам»

  • 22.08.2018, 18:42

Котролер ударыў «зайца» па твары.

У кантрольна-рэвізійнай службе Менсктранса «Еўрарадыё» выклалі сваю версію чарговай бойкі кантралёра і «зайца» побач з прыпынкам на плошчы Перамогі. Са слоў прадстаўнікоў арганізацыі, безбілетнік сам напаў на кантралёра, а перад гэтым паспрабаваў збегчы. Міліцыю чакалі паўгадзіны.

«Быў выяўлены безбілетны пасажыр, у якога быў неаплачаны праезд. Для складання пратаколу або пастановы яго папрасілі выйсці на прыпыначным пункце, - распавялі ў Менсктрансе. - Ніякіх дакументаў у мужчыны пры сабе не было, быў выкліканы нарад міліцыі.

Праз паўгадзіны чакання пасажыр пачаў гаварыць, што больш не можа тут быць, і паспрабаваў сысці. Кантралёр папярэдзіў, што той не падпарадкоўваецца законным патрабаванням, пакідаючы месца адміністрацыйнага правапарушэння. Пачаўся канфлікт, падчас якога мужчына ўдарыў кантралёра, у адказ на што той не вытрымаў і пачаў абараняцца».

Кантралёр пабіўся з «зайцам» 21 чэрвеня прыблізна а 19 гадзін. Відавочцы сцвярджаюць, што безбілетнік быў нападпітку. Адзін са сведкаў здарэння зняў яго на відэа. Паміж пасажырам і кантралёрам адбываецца канфлікт, падчас якога кантралёр б'е «зайца» па твары.

Са слоў прадстаўніка Менсктранса, ніякіх санкцый у дачыненні да кантралёра не прынята. Ён нават не адхілены ад працы - 22 жніўня ён можа і вас злавіць на адным з гарадскіх маршрутаў. Праўда, неўзабаве будзе праведзеная нарада з удзелам кантралёра, дзе будзе разглядацца здарэнне.

Кантралёр напісаў заяву аб прымяненні фізічнай сілы, абразаў і пагроз. Паводле факта неправамерных паводзін «зайца» міліцыяй будзе праведзеная праверка.

Апошнія навіны