BE RU EN

Што аб’ядноўвае беларускія ўлады з Мазамбікам?

  • 22.08.2018, 17:17

Рэжым даўно скаціўся да афрыканскага ўзроўню ў свабодзе слова.

У Мазамбіку (Паўднёвая Афрыка) уваходзіць у дзеянне ўказ, які фактычна ўводзіць «падатак на журналістыку», паведамляе «Human Rights Watch».

Замежныя карэспандэнты павінны будуць плаціць $2500 за акрэдытацыю на разавую паездку ў краіну, або $8300 за год працы ў краіне, піша сайт тэлеканала «Белсат».

Мазамбік - адна з самых бедных краін свету. Больш за палову насельніцтва краіны жыве на $30 за месяц.

Мясцовым журналістам-фрылансерам давядзецца заплаціць $500 за права цэлы год «легальна» публікаваць свае артыкулы ў мазамбікскай прэсе. Мясцовыя журналісты, якія працуюць на замежныя СМІ, абавязаныя заплаціць дзяржаве $3500 у абмен за гадавую акрэдытацыю.

«Журналісцкі падатак» будуць плаціць і самі СМІ (ад $34,5 тысячы да $69 тысяч за год).

«Накладанне збораў на журналістаў сур'ёзна паўплывае на іх здольнасць асвятляць кастрычніцкія муніцыпальныя выбары і на агульныя выбары 2019 года», - пракаментавала новаўвядзенне Дзева Мавінга, дырэктарка паўднёваафрыканскага аддзялення «Human Rights Watch».

На думку Эміліі Маяны, дырэктаркі Інфармацыйнага бюро Мазамбіка, «падатак на журналістыку» з'яўляецца адказам на «рынкавыя ўмовы» і абумоўлены неабходнасцю «падтрымання дысцыпліны ў СМІ».

«Падатак на журналістыку» ў Беларусі

У Беларусі «эксклюзіўным правам» плаціць падатак за працу журналістам валодаюць фрылансеры, якія супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам. Падатак на збор і распаўсюд інфармацыі іх вымушаюць плаціць у выглядзе штрафаў (парушэнне арт.22.9 КаАП - праца без акрэдытацыі).

Цягам першага паўгоддзя 2018 года журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі атрымаў штрафаў на суму Br 4189. Аператар Алесь Баразенка - Br 3307. Аператар Андрэй Козел - Br 4531. Вольга Чайчыц атрымала штрафаў на Br 5389 (магла б набыць разавую акрэдытацыю на працу ў Мазамбіку).

Летась журналісты «Белсата» заплацілі $25 000 штрафаў. Магчыма, цяперашняя сума стане яшчэ большай: толькі за першыя 6 месяцаў 2018 года суддзі пастанавілі спагнаць з журналістаў, якія супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам, больш за Br 46 253.

Апошнія навіны