BE RU EN

Як год таму Качанава «перамагла» Румаса

  • 21.08.2018, 11:52

Ці адпомсціць новы прэм'ер?

Год таму кіраўнік Банка развіцця і федэрацыі футбола Сяргей Румас атрымаў даволі хваравітую паразу. У траўні ён публічна пайшоў у атаку на Алімпійскім сходзе, падняўшы ў размове з Лукашэнкам пытанне аб тым, чаму яму перашкаджаюць запусціць футбольны тэлеканал, піша «Салідарнасць».

Здзіўлены дыктатар падняў кіраўніцу сваёй адміністрацыі: «Дык я ж даў даручэнне, чаму вы не варушыцеся?». Наталля Качанава заняла пазіцыю дзяржаўных тэлевізіёншчыкаў, якія асцерагаюцца канкурэнцыі. Але правадыр выказаўся даволі шчыра: «Каб «Беларусь-5» заварушылася, трэба туды гэтага шчупака запусціць».

У пачатку жніўня «Прессбол» паведаміў, што Наталлі Качанавай і віцэ-прэм'еру Васілю Жарко дадзенае даручэнне да 1 верасня знайсці развязанне пытання аб запуску футбольнага тэлеканала на пляцоўцы «Сетанты Беларусь».

Уладзімір Беражкоў, які дапамагаў кіраўніку федэрацыі футбола з запускам тэлеканала, пракаментаваў у Facebook навіну так: «Я б сказаў, «цяпер будуць вымушаныя» заняцца. І дзякаваць за гэта трэба Румасу, які праявіў незвычайную смеласць і волю, пераадольваючы каласальны супраціў найбліжэйшага атачэння Лукашэнкі».

У выніку Беражкова звольнілі, а Румас праз некаторы час заявіў: «На жаль, чыноўнікі пастанавілі, што футбольны канал беларусам не патрэбны – ёсць «Беларусь 5». І не важна, што бюджэтных грошай там не планавалася - канал ствараўся на сродкі АБФФ і «Сетанты». Важна - што захацелі зайсці на іх палову поля, стварыць канкурэнцыю за гледача».

Адчувалася, што Румас паразу у барацьбе з Качанавай успрыняў даволі хваравіта: ягоны аўтарытэт быў падарваны. Але вось праз год ён заняў крэсла прэм'ер-міністра. Не выключана, што праз даволі дробнае пытанне Качанава нажыла сабе ўплывовага ворага.

Дарэчы, у 2012 годзе Румас сышоў з віцэ-прэм'ераў, у тым ліку, праз тое, што супраць яго быў настроены памочнік Лукашэнкі ўэканоміцы Сяргей Ткачоў. Ну і дзе ён цяпер?

Для Качанавай прызначэнне Румаса не першая дрэнная навіна за апошні час. За развіццё Аршанскага раёна ад сёння адказвае не ўрад, а суполка з адміністрацыі і кіраўніцтва спраў Лукашэнкі, а таксама Камітэта дзяржкантролю. Іншымі словамі, Качанавай далі ў нагрузку вельмі няпросты кавалак працы.

Апошнія навіны