BE RU EN

Што вядома пра агентку КДБ Юлію Юхнавец

  • 2.08.2018, 12:07

Дзе працавала, як правакавала калег.

Імя Юліі Юхнавец трапіла ў навіны пасля таго, як у судзе над лідарамі прафзвязу РЭП яна прызналася, што супрацоўнічала з КДБ, паведамляе «Еўрарадыё».

Таксама яна распавяла, як, працуючы сакратаркай, вазіла праз мяжу з Літвой грошы на выдаткі прафзвязу. Юля фатаграфавала іх і атрымлівала за гэта грошы ад сілавікоў.

Са старонкі Юліі Юхнавец “ВКонтакте” (цяпер ужо выдаленай) журналісты даведвалася, што яна нарадзілася 17 жніўня 1996 года ў Менску. Са слоў знаёмых, сям'я Юліі не з заможных. Маці працуе ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце. Звестак пра бацьку знайсці не атрымалася.

У 2011 годзе Юлія паступіла вучыцца на сакратарку ў Менскі дзяржаўны каледж электронікі. У гэтай установы добрыя стасункі з прафзвязам РЭП. Таму менавіта туды кіраўнік прафзвязу Генадзь Фядыніч звярнуўся, калі яму спатрэбіўся сакратар. У каледжы парэкамендавалі Юлію.

Частка 1. Каледж

Аднагрупнікі дзяўчыны распавядаюць, што тады яна была спагадлівай, таварыскай. Але Юлія спыніла камунікацыі з большасцю тых, з кім вучылася.

"Яна была вельмі цікавым чалавекам, любіла фатаграфавацца. На жаль, ужо больш за год з ёй не маю зносіны, — распавядае яе аднагрупніца Лера. — Яна вельмі любіла танчыць. Была таварыскай, чуллівай. Нічога дрэннага сказаць пра яе не магу".

У 2013 годзе Юлія Юхнавец атрымала ў каледжы тытул “Міс Вясна”.

"Я пазнаёмілася з Юляй падчас вучобы ў каледжы. Апошнім разам мы бачыліся мінулым летам, з тых часоў не камунікавалі. Яна мне заўсёды здавалася добрым і чулым чалавекам. Я нічога не ведала пра яе працу ў прафзвязе. Чаму яна ўвязалася ў гэтую авантуру? Думаю што за прафзвязамі заўсёды ідзе паляванне, і КДБ трэба было знайсці інфармацыю. Мабыць, яе прэсавалі, запалохвалі", — дзеліцца ўражаннямі Ганна, якая вучылася з Юліяй Юхнавец у каледжы.

Частка 2. Свет без межаў

У сярэдзіне 2010-х Юлія далучылася да дабрачыннай грамадскай арганізацыі "Свет без межаў", якая займаецца дапамогай дзецям:

"Мы з Юліяй мала знаёмыя, — распавядае супрацоўніца "Свету без межаў", якая была ў яе ў сябрах у сацсетках. — Яна падала заяўку на валанцёрства ў нашу арганізацыю. Была на мерапрыемствах пару разоў, але актыўнага ўдзелу не прымала. Даўно, дарэчы, яе не было".

Частка 3. Тэатральная студыя

Яшчэ адна дзяўчына (прозвішча ёсць у рэдакцыі) пазнаёмілася з Юляй Юхнавец падчас практыкі ў тэатральнай студыі.

"Пазнаёміліся мы з ёй у тэатральнай студыі ў 2015 годзе. Яна туды прыйшла разам з сябрам з прозвішчам В. (прозвішча ёсць у рэдакцыі). Яны любілі патусіць з багемнай моладдзю. Сама яна любіла выглядаць як "залатая моладзь", хоць зусім незразумела было, за якія грошы яна падтрымлівала гэты вобраз. Наколькі я ведаю, яна не вельмі шмат атрымлівала. Пры гэтым у яе былі раскошныя рэчы: сумкі Chanel, дарагія футры, упрыгажэнні з брыльянтамі. Цяпер зразумела, адкуль у яе былі грошы на такі стыль жыцця".

В. любілі правакаваць тэатралаў размовамі пра палітыку і беззаконне чыноўнікаў: пачыналі размовы пра Лукашэнку, пра чыноўнікаў з Драздоў, пра беззаконне ўладаў.

"В. любіў ладзіць публічныя размовы, дазваляючы сабе шмат рэзкіх выказванняў. Юля ж любіла пагутарыць асабіста, усё выпытвала, дзе я вучуся, чым займаюся, ці працую дзесьці, куды я паступаць збіраюся, чаму я не хачу паступаць за мяжу. Навошта ёй было ўсё гэта? Мы з ёй былі толькі знаёмыя. Сама казала ці што недзе за мяжой вучылася, ці што ў нейкім прыватным ВНУ. Любіла выстаўляць сябе дысідэнткай".

Частка 4. Фінансавая піраміда

Раз-пораз Юлія знікала. З ёй не было магчымасці звязацца, старонкі ў сацсетках маўчалі. А калі яна чарговы раз з’яўлялася ў жыцці суразмоўцы, дык заўсёды прыносіла авантурныя прапановы паўдзельнічаць у сумнеўных справах:

"Раптам з'яўлялася. З вельмі дзіўнымі прапановамі. Напрыклад, яна ўвесь час мяне агітавала ўступіць у крыптавалютную фінансавую піраміду "МаксіРайз" [скончыла сваё існаванне ў напачатку 2018 года]. Потым яна прызналася, што працавала ў ёй і такіх кампаніях рэкруцёрам.

Я ў яе пыталася, навошта яна туды лезе, там жа ашуканцы. У мяне інфармацыя ад сваякоў з МУС была. А яна мне тады адказала: "У мяне інфарматары круцейшыя за тваіх". Я тады не звярнула на гэтыя словы ніякай увагі. Атрымліваецца, яна збірала інфармацыю на ўсіх сваіх працах. Змяя падкалодная... Хоць і разумею, што маглі быць розныя абставіны, якія б маглі яе схіліць да такога супрацоўніцтва, але ж не разумею яе".

Частка 5. Прафзвяз РЭП

Юлія Юхнавец прапаноўвала суразмоўніцы жарналісткі працаўладкавацца ў прафзвяз РЭП. Але дзяўчына адмовілася:

"[Юлія] распавядала, што праца няпыльная, ёсць паездкі за мяжу. Але я не адважылася з гэтым усім звязвацца. І прыкладна ў той жа час яна сама адтуль сышла, гэта было недзе ў 2016 годзе. Яна знікла, і тады ж пачалі з'яўляцца нейкія праблемы і чуткі пра гэты прафзвяз. Я тады яшчэ парадавалася, што не пагадзілася на яе прапанову".

Пасля гэтага Юля канчаткова знікла. Змяніла нумары тэлефонаў. Памяняла старонкі ў сацсетках. Нашая суразмоўца больш не камунікавала з ёю. Пра сваю былую сяброўку яна даведалася з навінаў пра суд над кіраўнікамі прафзвязу РЭП.

Апошнія навіны