BE RU EN

Як ДАІ сэлекцыйна ставіцца да парушальнікаў ПДР

  • 19.08.2018, 18:33

Кіроўца абураны паводзінамі аўтаінспектараў.

Удзельнік форуму abw.by пад мянушкай NJEKAne011 змясціў відэа сітуацыі, у якой ДАІ наважыла, што ён не прапусціў жанчыну-пешаходку, і пакарала яго. А між тым кіроўца Nissan, што таксама праехаў “зебру", застаўся беспакараным.

Аўтамабіліст напісаў: "Скрыжаванне вул.Даўгабродскай з зав.Казлова. Непрапусканне пешахода, заплаціў 1 б.а. Усё нібыта паводле Правілаў, але не па-людску. Цёмны Nissan Terrano на відэа ў два разы бліжэйшы да пешахода - яму нічога. А мне... Крыўдна".

Таксама ў абмеркаванні відэа на ютубе аўтар дадаў: "Там усяго тры палосы, дзве сустрэчныя. Калі я праехаў, жанчына заканчвала першую палосу з трох праходзіць - гэта ад майго самахода мінімум 5 мэтраў. Ды і я павольна стартаваў, бо спалохаўся, калі імкліва Nissan Terrano левы паварот рабіў на ніштаватай што да мяне хуткасці, а ён ад пешахода быў максімум за тры мэтры. Але яму - нічога".

Можна наогул паспрачацца, ці было непрапусканне пешахода, але кіроўца не жадае аспрэчваць пастанову ДАІ: "На жаль, суд для мяне, як і для большасці - гэта змарнаваны час і грошы. Лягчэй 24,5 рубля заплаціць і баяцца далей ездзіць. А то могуць яшчэ і 15 дзён арышту ў наш час даць ні за што..."

Апошнія навіны