BE RU EN

Што на судзе распавялі пра апошнія дні жыцця Коржыча

  • 19.08.2018, 16:21

На судзе свае паказанні далі ўжо больш за 20 чалавек.

Паводле паказанняў салдат, агучаных у Менскім абласным судзе на працэсе паводле факта гібелі салдата Аляксандра Коржыча, загінулы салдат усяго за тыдзень з жыццярадаснага і таварыскага ператварыўся ў замкнёнага і дэпрэсіўнага, паведамляе «Радыё Свабода».

На працэсе па справе аб гібелі Аляксандра Коржыча завяршылася апытанне ягоных саслужыўцаў, прызнаных пацярпелымі ад дзеянняў падсудных сяржантаў.

Усяго свае паказанні суду далі больш за 20 чалавек, у тым ліку сябра Коржыча шараговец Раман Аскерка. Некаторыя з пацярпелых падрабязна апісалі, што адбывалася з Аляксандрам Коржычам як падчас службы, так і ў апошнія дні і гадзіны жыцця.

«З мяне пяць чабурэкаў — і я не працую»

Паводле саслужыўцаў Аляксандра Коржыча, у таго склаліся своеасаблівыя стасункі з сяржантамі роты, дзе ён служыў.

«Сяржант Бараноўскі (адзін з абвінавачаных. — РС) праз дзень адпраўляў Коржыча ў краму, — сказаў на працэсе пацярпелы Кірыл Штык. — Коржыч ніколі не займаўся гаспадарчымі працамі. Ён або знаходзіўся ў частцы, або хадзіў у краму, або ў кавярню».

Са слоў пацярпелых, за няўдзел у гаспадарчых працах на тэрыторыі часткі Коржыч мусіў адкупіцца. За кожны паход у краму сяржантам трэба было нешта набыць — пачак цыгарэт, некалькі пакецікаў кавы, вафлі або іншыя прадукты. Пры гэтым некаторыя з саслужыўцаў сцвярджалі, што Коржыч мог сам прапанаваць сяржантам хабар.

«Коржыч мог сам падысці да сяржанта Бараноўскага і прапанаваць: «З мяне пяць чабурэкаў — і я не працую», — сказаў пацярпелы Сяргей Шылко. — Яму так было прасцей. Коржыч быў не вельмі гатовы да службы фізічна і такім чынам прыстасоўваўся да праходжання службы. Яму прасцей было заплаціць сяржанту».

Паводле саслужыўцаў, адносіны паміж Коржычам і сяржантам Бараноўскім былі амаль дзелавыя. За сваю ахову ён заплаціў сяржанту 30 рублёў. Пра гэта на судзе сказаў Сяргей Шылко.

«Ён мне сам пра гэта расказаў і прасіў нікому не гаварыць, — сказаў Шылко. — Такім чынам Коржыч спрабаваў абараніцца ад сяржанта Вяжэвіча».

«Сяржант «даіў» Коржыча»

Пацярпелы Яўген Краскоўскі распавёў, што Коржыч практычна кожны дзень набываў нешта Бараноўскаму, каб спакайней служыць.

«Коржыч з Бараноўскім меў цесныя стасункі, таму што сяржант яго «даіў», — сказаў Краскоўскі.

Зусім іншыя адносіны ў Аляксандра Коржыча склаліся з іншым сяржантам Вяжэвічам, які праходзіць па справе ў якасці абвінавачанага. Са слоў саслужыўцаў, Вяжэвіч быў адным з самых жорсткіх у частцы. Ён перыядычна збіваў салдат, прымушаў іх адціскацца, патрабаваў набываць сабе прадукты. Адразу некалькі пацярпелых расказалі, што былі сведкамі здзекаў Вяжэвіча з Коржыча.

Пацярпелы Раман Аскерка падчас службы падтрымліваў цесныя стасункі з Коржычам. Ён распавёў на судзе, што сяржант Вяжэвіч быў асноўным носьбітам пазастатутных адносін у частцы.

«Аляксандр баяўся Вяжэвіча, стараўся не трапляцца яму на вочы, — сказаў Аскерка. — Ведаю, што ён нават размаўляў з сяржантам Бараноўскім наконт гэтага, прасіў дамовіцца, каб Вяжэвіч яго не чапаў. Але пасля інцыдэнту з рыдлёўкамі Вяжэвіч сказаў Коржычу, што Бараноўскі яго не ўратуе».

Пра гісторыю з рыдлёўкамі расказваюць на працэсе амаль усе пацярпелыя. Яна здарылася ў ліпені 2017 году. У адзін з вечароў Вяжэвіч у прысутнасці групы іншых салдат загнаў Аляксандра Коржыча ў яму глыбінёй больш за метар, пасля чаго пачаў шпурляць у бок Коржыча рыдлёўкі. Прычынай такіх паводзінаў, са слоў саслужыўцаў, стала адмова Коржыча набываць Вяжэвічу вафлі.

Акрамя гэтага, большасць апытаных салдат пацвердзілі, што Коржыча, як і ўсіх іншых, сяржанты неаднаразова білі, змушалі адціскацца, вымагалі ў яго прадукты і цыгарэты.

«Пасля медпункту Коржыч панік»

Амаль усе былыя саслужыўцы Аляксандра Коржыча кажуць пра яго як пра вясёлага і камунікабельнага. Салдаты расказалі, што Коржыч падтрымліваў добрыя адносіны з усімі саслужыўцамі, не меў ні з кім з іх канфліктаў. У Коржыча заўсёды можна было пазычыць цыгарэты або грошы. Ён ніколі нікому не адмаўляў. Расказваў саслужыўцам пра сваё жыццё да войска — як працаваў у аўтасэрвісе, добра зарабляў, меў аўтамабіль. Расказваў, што сам аплаціў рамонт у кватэры маці. Найбольш цесныя стасункі падчас службы ў Коржыча склаліся з саслужыўцамі Раманам Аскеркам і Аляксандрам Аліхаджаевым.

«Напачатку ў Аляксандра Коржыча не было ніякіх скаргаў на службу, — сказаў на судзе Аскерка. — Праблемы з’явіліся пасля медпункту (туды Коржыч трапіў з прастудай на пачатку верасня 2017 году. — РС). Адтуль ён выйшаў іншым чалавекам. Пачаў скардзіцца на боль у сэрцы. Ён стаў паніклы, ні з кім асабліва не размаўляў».

Паказанні Аскеркі пацвярджаюць і іншыя саслужыўцы. Яўген Краскоўскі на працэсе расказаў, што Коржыч скардзіўся яму на дрэннае лекаванне ў медпункце. Стан Коржыча пасля выпіскі з медпункту не палепшыўся, ён працягваў хадзіць туды па лекі.

Аднойчы Коржыч папрасіў саслужыўца Сяргея Шылко схадзіць разам з ім у медпункт. Ён паскардзіўся, што яму даюць не тыя лекі. Са слоў Коржыча, ад тых лекаў у яго балела сэрца. Калі Сяргей Шылко прыйшоў разам з Аляксандрам у медпункт, то ўбачыў, што Коржычу далі валяр’янку. Шылко ўгаварыў Коржыча выпіць яе.

«Калі Коржыч выпісаўся з медпункту, гэта быў зусім іншы чалавек, — кажа Шылко. — Ён мог глядзець у сценку і ні з кім не камунікаваць. Сяржант Бараноўскі нават пачаў перажываць за яго, як мне здалося. Ведаю, што ён званіў ягонай сястры».

«У медроце Коржыча трымалі пад аховай»

Неўзабаве пасля выпіскі з медпункту Аляксандр Коржыч трапіў у медроту, куды салдат змяшчалі ў выпадку больш сур’ёзных захворванняў. У медроце ён ляжаў у асобнай адзіночнай палаце пад аховай сяржанта Бараноўскага і шарагоўца Рудкоўскага.

«Калі Коржыча клалі ў медроту, то яго рэчы спачатку прынеслі ў агульную палату, але пасля аднеслі ў адзіночную, — сказаў на працэсе Іван Квірын, які ў сярэдзіне верасня таксама праходзіў лекаванне ў медроце. — Ён быў бледны, у дэпрэсіі. Мог на сярэдзіне размовы спыніцца і замаўчаць. Потым заплакаць. Прызнаваўся, што забыў, пра што гаварыў раней».

Са слоў саслужыўцаў Коржыча, ахову да хворага салдата прыстаўлялі ў тых выпадках, калі існавала небяспека для яго жыцця. Ахоўнікі павінны былі пільнаваць хворага і ў выпадку небяспекі тэрмінова клікаць лекара. Адзін з ахоўнікаў пастаянна знаходзіўся ў палаце з хворым, для гэтага там стаяў яшчэ адзін ложак. Са слоў Івана Квірына, сяржант Бараноўскі на ноч некуды сыходзіў з медроты, з Коржычам заставаўся толькі шараговец Рудкоўскі. Пасля сяржанта Бараноўскага на ахову Коржыча ў медроце быў прызначаны сяржант Вірбал.

Таксама вядома, што Аляксандр Аліхаджаеў і Раман Аскерка, якія сябравалі з Коржычам, у канцы верасня спрабавалі адведаць яго ў медроце. Аднак у абодвух выпадках на сустрэчу не трапілі. Аскерку сказалі, што Коржыча павезлі ў шпіталь у Барысаў, Аліхаджаеву — што Коржыча ў медроце больш няма.

«Ён проста знік»

16 жніўня на працэсе апытвалі пацярпелага Міхаіла Казачэнку. Падчас папярэдняга следства ён расказваў, што не меў блізкіх стасункаў з Коржычам і нічога не ведае пра абставіны яго смерці. Аднак у судзе ўзгадаў, што выпадкова стаў сведкам выпіскі Коржыча з медроты.

У канцы верасня Казачэнка ляжаў у медпункце, і яго накіравалі ў медроту здаваць аналізы. У чарзе на аналізы ён стаяў побач з Коржычам, пачуў, як таму сказалі выпісвацца з медроты. Калі Казачэнка выйшаў з памяшкання, усіх салдат паставілі ў шэраг. Там было чалавек 15. Коржыч стаў у канец шэрагу.

«Пасля сяржант, не памятаю ягонага прозвішча, павёў нас назад у медпункт. Гэтага сяржанта няма сярод абвінавачаных. Калі мы прыйшлі на месца, Коржыча з намі ўжо не было. Ён проста знік. Сяржант не бачыў гэтага».

Адным з апошніх з Аляксандрам Коржычам размаўляў яго саслужывец Уладзіслаў Вагера. На судзе ён расказаў, што Коржыч перад выпіскай выглядаў спакойным.

«Па знешнім выглядзе Коржыч быў спакойны, — сказаў пацярпелы. — Мы бачыліся 26 верасня, курылі разам. Коржыч сказаў, што яго выпісваюць і што яму яшчэ баліць сэрца».

Цела Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным у падвальным памяшканні 3 кастрычніка. Паводле звестак следства, яно знаходзілася там на працягу тыдня. Такім чынам, дзень смерці Коржыча можа супадаць з днём выпіскі з медроты.

«Коржыч ня мог павесіцца сам»

Ніводзін з апытаных на судзе салдат не казаў, што чуў ад Коржыча пра намер учыніць самагубства. Саслужыўцы згадваюць, што пасля выпіскі з медпункту Коржыч, наадварот, пачаў вельмі турбавацца за сваё жыццё.

«Я дагэтуль не магу зразумець, як Коржыч мог павесіцца, — сказаў на працэсе Сяргей Шылко. — Чалавек, які так пільна сачыў за сваім здароўем. У яго заўсёды была самая вялікая аптэчка ў роце. Я не магу паверыць, што такі чалавек мог пайсці і самастойна павесіцца. Я не веру ў гэта».

Большасць таварышаў па службе пра смерць Аляксандра Коржыча даведаліся ад следчых, якія прыйшлі ў казарму аглядаць рэчы загінулага салдата.

«Ад следчых мы даведаліся пра гэта, — сказаў Раман Аскерка. — Ніхто з кіраўніцтва часткі нічога нам не казаў і не тлумачыў. У казарму прыйшоў следчы і пачаў агляд рэчаў Коржыча. Я не ведаю, чаму Аляксандр гэта зрабіў».

Апошнія навіны