У Сербіі закрылі лагер, дзе дзяцей навучалі расейскія вайсковыя інструктары
- 17.08.2018, 19:32
Усе пабудовы ўжо дэмантавалі.
Міністэрства ўнутраных спраў Сербіі закрыла лагер для падлеткаў і моладзі, у якім выкладчыкамі і інструктарамі былі сербскія і расейскія ветэраны войнаў, паведамляе «Настоящее время».
Кіраўнік сербскага МУС Небойша Стэфанавіч заявіў, што лагер зачынілі «праз магчымае злоўжыванне дзецьмі і хваляванне грамадскасці». Усе пабудовы ўжо дэмантавалі.
На сітуацыю адрэагаваў прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч. З ягоных слоў, вайсковыя вучэнні дзяцей - гэта «не Сербія будучыні». Вучыч адзначыў, што ўлада не будзе трываць гэта. А ў Міністэрстве абароны адзначылі, што не маюць дачынення да арганізацыі лагера.
Лагер на гары Злацібор адкрылі 8 жніўня для «патрыятычнага выхавання». У ім навучалі вайсковай справе больш за 40 дзяўчат і юнакоў ад 14 да 23 гадоў.
Прадстаўнік Саюза ветэранаў Сербіі Жэлька Вукеліч запэўніваў, што гаворка не ідзе пра мілітарызацыю моладзі. Ён адзначыў, што 10 дзяўчат і 34 юнакі прыбылі ў лагер добраахвотна i са згоды бацькоў. З ягоных слоў, яны карысталіся пластыкавымі стрэльбамі і алюмініевымі пісталетамі.
Са слоў Вукеліча, стварэнне лагера падтрымала пасольства Расеі ў Сербіі - летнюю школу наведаў аташэ расейскай амбасады.
Ідэя арганізаваць лагер у Сербіі ўзнікла ў траўні, калі 30 юнакоў з Сербіі знаходзіліся ў расейскім лагеры, кажа Вукеліч.
Згаданы лагер арганізавала расейская ўльтранацыяналістычная арганізацыя E.N.O.T. Corp. Прадстаўнікі гэтай арганізацыі, між іншым, прывозілі дапамогу сепаратыстам у Данбасе.
Жэлька Вукеліч кажа, што лагеры з такой праграмай ладзяць таксама ў Вугоршчыне, Бэльгіі і Вялікабрытаніі.