BE RU EN

Маскоўскі суд пагадзіўся адпусціць Паўлікаву са следчага ізалятара пад хатні арышт

  • 16.08.2018, 19:33

«Марш маці» даў свой плён?

Дарагамілаўскі суд Масквы 16 жніўня пагадзіўся адпусціць пад хатні арышт Ганну Паўлікаву. Яна будзе жыць у кватэры з бацькамі і сястрой, ёй забаронена весці перамовы праз мабільны тэлефон ды Інтэрнэту, а таксама абмяркоўваць з прадстаўнікамі прэсы абставіны сваёй справы, паведамляе "Настоящее время".

Справа Марыі Дубовік таксама будзе разгледжаная сёння.

Паўлікава і Дубовік, якім 18 і 19 гадоў адпаведна, праходзяць паводле справы "Новай велічы" - "экстрэмісцкай арганізацыі", створанай агентамі ФСБ. Яны сядзяць у следчым ізалятары з вясны 2018 года, і іх стан у турме значна пагоршыўся.

Напярэдадні ў Маскве прайшоў "Марш маці" з патрабаваннем вызваліць Паўлікаву і Дубовік і адмовіцца ад "рэпрэсіўных захадаў" ў дачыненні да падлеткаў у Расеі. Мерапрыемства не было ўзгодненае з уладамі, але мела вялікі рэзананс.

Маці і бацькі расейскіх дзяцей, многія з якіх у апошнія гады сталі фігурантамі крымінальных спраў за ўдзел у пратэстных мітынгах ці допісы ў сацсетках, прынеслі цацкі да Вярхоўнага суда. У суд, дзе разглядалася падаўжэнне арышту Паўлікавай і Дубовік, многія людзі таксама прынеслі мяккія цацкі.

Напярэдадні следчы, які вядзе справу "Новай велічы", папрасіў суд змяніць меру стрымання дзяўчатам. Ён патлумачыў гэта тым, што следства ў дачыненні да іх закончанае, а Паўлікавай невядомыя імёны сведак, і яна не можа на іх ціснуць.

Раней суд адпускаць Дубовік і Паўлікаву са следчага ізалятара катэгарычна адмаўляўся, паказваючы на сур'ёзнасць выстаўленых ім абвінавачванняў. Але гэтым разам пагадзіўся змяніць меру стрымання.

Паўлікаву і Дубовік арыштавалі вясной 2018 года. У аснову іх справы паводле часткі 1 і 2 артыкула 282 КК РФ ("Стварэнне і ўдзел у экстрэмісцкай супольнасці") ляглі сведчанні капітана крымінальнага вышуку, аператыўніка Цэнтра "Э" МУС Міхаіла Растаргуева і ягоных агентаў, у тым ліку ўкаранёнага у арганізацыю супрацоўніка ФСБ , і яшчэ аднаго засакрэчанага сведкі. Менавіта яны былі аднымі з арганізатарак "экстрэмісцкай арганізацыі, якая планавала зрынанне дзяржаўнай улады ў Расеі", і, сярод іншага, напісалі яе статут.

Усяго паводле справы "Новай велічы" арыштаваныя дзевяць чалавек. Чацвёра, уключаючы двух дзяўчат (Паўлікава на момант затрымання была непаўналетняй), застаюцца ў следчым ізалятары.

Адвакаты некалькі разоў прасілі суд перагледзець меру стрымання як мінімум для Паўлікавай і Дубовік, мяркуючы, што дзяўчатам, якія не бралі актыўнага ўдзелу ў дзейнасці арганізацыі, неабавязкова знаходзіцца пад вартай.

У Паўлікавай і Дубовік пачаліся складанасці са здароўем. Паўлікава скардзілася, што яе трымалі ў халоднай камеры, праз гэта ў яе ўзніклі праблемы з ныркамі і рэпрадуктыўнымі органамі, а ў Дубовік выявілі пухліну і пачаліся праблемы з шчытападобнай залозай, зрокам і страваваннем. Усе абвінавачаныя паводле справы "Новай велічы" неаднаразова заяўлялі пра выкарыстанне следчымі да іх катаванняў і пагроз для атрымання прызнавальных сведанняў.

Аднак у ФСВП заявілі, што арыштаваным "не патрабуецца экстранае лячэнне", і ацанілі іх стан "як прымальны".

Апошнія навіны