BE RU EN

Час блазнаў ва ўладзе заканчваецца

  • Мікалай Статкевіч
  • 16.08.2018, 9:22

І народу трэба быць гатовым узяць лёс краіны ў свае рукі.

Пра гэта ў «Фэйсбуку» напісаў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч:

- Калі справы ў краіне пагаршаюцца, а незадаволенасць людзей расце, «перасідзент» ставіць для народа адзін і той жа шмат разоў адыграны спектакль - «Цар добры, гэта баяры дрэнныя».

Не ведаю, ці праводзяцца рэпетыцыі і колькі дубляў здымаецца, але выглядае ўсё амаль падобна да праўды.

У прысутнасці тэлекамер «перасідзент» абрынае грымоты і маланкі на галовы чыноўнікаў, якія не выканалі ягоных геніяльных загадаў, якія павінны былі ашчаслівіць народ. Стукае кулаком па стале, пагражае пасадзіць і звольніць. Нават кагосьці звальняе. Чыноўнікі з усіх сіл паказваюць страх і замяшанне.

Затым тэлевізія сыходзіць і тыран, які злосна гарлапаніць, раптам ператвараецца ў лагоднага, просіць прабачэння за крыкі і абразы. Ну, маўляў вы самі разумееце - народу такія спектаклі падабаюцца. Калі забралі хлеб, дык хоць відовішчам пацешым. Дзякуй за добрую гульню. А паказальна звольненыя праз некаторы час атрымаюць раўнацэнныя або больш выгадныя пасады.

Разумныя людзі ўжо даўно ведаюць плату такому «мастацтву». Але апошні спектакль меў дзве асаблівасці.

Першая - яго задачай было паказаць, што «цар» не толькі добры, але і яшчэ жывы.

Другая - у развешванні гэтай «тэатральнай» локшыны на вушы насельніцтва актыўны ўдзел узялі не адныя штатныя спецыялісты з БТ. Некаторыя «дэмакратычныя» выданні стараліся лізнуць лепш за штатных. Нават апублікавалі фатаграфіі чыноўнікаў у момант, калі на іх паказваў мясісты палец дыктатара. Накшталт паглядзіце, які суровы і справядлівы ў нас «цар», як перад ім трымцяць недарэкі.

І гэта менш, чым праз тыдзень пасля арыштаў іх калегаў - журналістаў БелаПАН і tut.by на загад гэтага дыктатара. Мінімальна прыстойнай рэакцыяй на тую паказальную расправу над незалежнай журналістыкай было б ігнараванне афіцыёзнай інфармацыі, акрамя рэальна важнай. Адданае халуйства «дэмакратычных» выданняў не выклікае ніякай іншай рэакцыі, акрамя гідлівасці.

Хоць, і гэты стары зацёрты спектакль, і пашырэнне інфармацыйнай абслугі рэжыму, цяпер не галоўнае. А галоўнае тое, што час гэтай каманды блазнаў ва ўладзе заканчваецца. І народу трэба быць гатовым узяць лёс краіны ў свае рукі. Каб яе не захапіла іншая «тэатральная група».

Апошнія навіны