BE RU EN

У Кастрычніцкім на працэсе блогера Павука суддзя ўзяў самаадвод

  • 15.08.2018, 19:42

Такая пастанова была прынятая пасля таго, як блогер вывеў суд на чыстую ваду.

У Кастрычніцкім у Гомельскай вобласці на працэсе блогера Андрэя Павука суддзя ўзяў самаадвод! Такім чынам Уладзімір Васілеўскі адрэагаваў на з'яўленне ў інтэрнэце дакумента, які ўчора ў перапынку забыўся памочнік пракурора. Фотакопію вызначэння суддзі аб самаадводзе размясціў на сваёй старонцы ў Facebook праваабаронца Леанід Судаленка, паведамляе «Еўрарадыё».

Як паведамляла «Еўрарадыё», блогер Андрэй Павук праз суд спрабуе дамагчыся права прысутнасці на планёрках Кастрычніцкага райвыканкама і сесіях раённага савета. Учора ён размясціў на сваёй старонцы ў Facebook фотакопію дакумента, якую неабачліва пакінуў памочнік пракурора. Павук палічыў, што гэта фактычна прынятая пастанова, згодна з якой скаргу не задаволяць. Фотакопія трапіла ў СМІ.

Суддзя Уладзімір Васілеўскі піша: «Паколькі паказаная публікацыя можа выклікаць сумневы ў старонняга назіральніка ў бесстароннасці суддзі...суддзя заяўляе адвод ад удзелу ў разглядзе справы».

Для сённяшняй Беларусі такі самаадвод - з'ява выключная. Пра Васілеўскага вядома, што ён быў прызначаны на пасаду суддзі суда Кастрычніцкага раёна ўказам Лукашэнкі ў лютым 2015 года на пяць гадоў.

Пазней стала вядома, што Павук атрымаў судовую позву аб факце парушэння заканадаўства аб СМІ.

Апошнія навіны